English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Улады прымушаюць установы падпісвацца на дзяржаўныя газеты

05/12/05

У цэнтральны Штаб падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча трапіў дакумент, які яскрава сведчыць пра тое, якім чынам улада плануе перад прэзідэнцкімі выбарамі “прамываць” мазгі грамадзянам Беларусі.

 

Ліст зыходзіць ад кіраўніка Дзяржынскага  раённага выканаўчага камітэта А. Кадзета і скіраваны да намеснікаў па ідэалагічнай рабоце кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў.

Вось некаторыя цытаты з дакумента.

 

 

У сувязі з пачаткам падпісной кампаніі на 1 паўгоддзе 2006 г. і ўлічваючы палітычную важнасць дадзенага мерапрыемства, прашу ўзяць пад асабісты кантроль стан ведамаснай падпіскі ў Вашым калектыве на "Советскую Белоруссию", "Рэспубліку", "Звязду", "Мінскую праўду", "Сцяг Кастрычніка" і іншыя выданні.

Падшыўкі "вядучых" газет павінныя знаходзіцца "ў даступным для супрацоўнікаў месцы на кожным вытворчым участку.

Важным фактарам з’яўляецца правядзенне індувідуальнай падпіскі. З гэтай мэтай неабходна арганізаваць работу грамадскіх распаўсюджвальнікаў ва ўзаемадзеянні з намеснікамі кіраўніка ра ідэалагічнай рабоце і прафсаюзнай арганізацыяй... 

Вынікі падпіскі выканаўчы камітэт павінен атрымаць да 20 снежня 2005 года.

 

 

Штаб падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча звярнуўся па каментар да юрыста Грамадскага аб’яднання “Беларускай асацыяцыі журналіста” Андрэя Бастунца.

 - Падобныя ўказанні прадстаўнікі выканаўчай улады даюць ужо даўно. Аднак, калі раней гэта рабілася ціха, праз тэлефон, і адразу ж афіцыйна абвяргалася, і знайсці дакументальныя пацверджанні “дзяржаўнага інтарэсу” было досыць цяжка, дык з мінулага году – як прарвала. Па ўсіх рэгіёнах выканкамы настойліва рэкамендуюць, “просяць узяць на асабісты кантроль”, - не забываючы пазначыць колькасць асобнікаў “кантраляваных” выданняў, падпіску на якія павінны забяспечыць дырэктары прадпрыемстваў.  

Такія ўказанні ўтрымліваюць шэраг парушэнняў. Гэта і ўмяшальніцтва ў дзейнасць арганізацыяў, якім адрасаваныя лісты, і парушэнне дэклараваных Канстытуцыяй роўных умоваў гаспадарання для прадпрыемстваў разнастайных формаў уласнасці (рэдакцый дзяржаўных і недзяржаўных выданняў), ігнараванне зноў жа канстытуцыйнага пранцыпу рознасці ідэалогіяў і меркаванняў. (Ідэалагічны складнік таго, што адбываецца відавочны і пацвярджаецца хаця б тым, што “падпісныя” лісты адрасуюцца, у тым ліку, намеснікам па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў).

Адначасова з тым з падпісных каталогаў выкідваюцца незалежныя выданні – і таксама па ўсёй краіне. Прадстаўнікі ўлады “умываюць рукі”, заяўляючы аб самастойнасці прадпрыемстваў пошты ў выбары гаспадарчых контрагентаў, аднак дасканальная ўвага выканкамаў да падпіскі на дзяржаўныя выданні – у тым ліку і на тыя, да выданняў якіх яны не маюць аніякага дачынення, - абвяргаюць гэты тэзіс, - адзначыў Андрэй Бастунец.


Усе навіны