"Галоўная загана сённяшняй дзяржаўнай сістэмы -- адсутнасць грамадскага кантролю за дзеяннямі ўлады" -- А.Мілінкевіч
Такі вывад зрабіў адзіны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад дэмакратычных сілаў Беларусі, адказваючы на пытанні жыхароў Гомеля ў гарадскім цэнтры занятасці, на цэнтральным гарадскім рынку і ў прыватным сектары па вул. Луначарскага.
Суразмоўцы А.Мілінкевіча гаварылі пра бездань, якую яны бачаць паміж рэальным жыццём бальшыні беларусаў і вясёлкавай карцінкай на дзяржаўных тэлеканалах. У цэнтры занятасці -- штодзённа вялікія чэргі беспрацоўных, у асноўным -- кваліфікаваных спецыялістаў. Шмат хто з іх сталі ахвярамі кантрактнай сістэмы. Яны з узрушэннем успрынялі намер Аляксандра Мілінкевіча ліквідаваць кантрактную сістэму пасля прыходу да ўлады.
Прадпрымальнікаў цікавіла пытанне, чаму ўлада мэтанакіравана знішчае дробны і сярэдні бізнэс, негледзячы на тое, што гэты клас можа хутка прынесці карысць эканоміцы краіны. А.Мілінкевіч выказаў меркаванне, што гэта звязана з агульнай мэтавай устаноўкай уладаў на ліквідаванне ўсіх больш-менш самастойных і незалежных сегментаў грамадства.
Адзіны прэтэндэнт таксама сустрэўся з групай актывістаў, што пражываюць у прыватным сектары Гомеля, побач з хатамі якіх была пабудаваная АЗС. Людзі паведамілі А.Мілінкевічу, што пры гэтым былі парушаныя шмат якія нормы будаўніцтва і звярнуліся да яго з просьбай паспрыяць у вырашэнні іх праблемы пасля прыходу да ўлады. Дарэчы, учора хаты актывістаў абыходзілі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і забаранялі сустракацца з Аляксандрам Мілінкевічам. Але людзі ўсё адно выйшлі.
Падчас візіту адзінага прэтэндэнта ў Гомель яго, пачынаючы з 12 гадзін дня суправаджае чырвоны мікрааўтобус "Фальксваген" нумар 97 -- 95 ЕВ, які ўвесь час едзе за машынай А.Мілінкевіча. Невядомыя ў цывільным падыходзяць да адзінага прэтэндэнта, слухаюць размовы, на пытанні ў свой адрас не рэагуюць.
Усе навіны



