Аляксандр Мілінкевіч бярэ ўдзел у паседжанні Еўрапарламента
Еўрадэпутаты на чарговай сесіі ў Страсбургу абмяркоўваюць рэзалюцыю па Беларусі.
Лідэр Руху "За Свабоду" бярэ ўдзел у абмеркаванні праекту рэзалюцыі па Беларусі, вынесены на разгляд пленарнай сесіі.
Менавіта дзякуючы шматбаковым сустрэчам і кансультацыям Аляксандра Мілінкевіча з еўрапейскімі лідэрамі падчас кангрэса ЕНП, пытанне разгляду і прыняцця рэзалюцыі па Беларусі вернутае у парадак дня пленарнага паседжання Еўрапарламенту.
За аснову праекта рэзалюцыі Еўрапарламента ўзятая рэзалюцыя, прынятая на кангрэсе ЕНП.
У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што фінансавая падтрымка Беларусі з боку Еўразвяза абавязкова павінна аказвацца пасля здзяйснення рэальных крокаў па дэмакратызацыі і паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека.
Еўрапарламент настойвае, каб наступныя дванаццаць месяцаў беларускі ўрад скарыстаў для дэманстрацыі рэальнага прагрэсу па канкрэтных кірунках, сярод якіх прывядзенне Закона пра СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі патрабаваннямі, гарантаванне свабоды аб'яднанняў і асацыяцыяў праз адмену артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, забеспячэнне рэальнай свабоды веравызнання, павага да правоў нацыянальных меншасцяў, увядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне.
У праекце рэзалюцыі адзначаецца важнасць працягу дыялогу ў сферы правоў чалавека, далейшай супрацы Беларусі з БДІПЧ АБСЕ у пытанні удасканалення выбарчага працэсу.
Рэзалюцыя заклікае гарантаваць палітычныя свабоды і правы праз спыненне практыкі палітычна матываванага пераследу (запалохвання, звальнення з працы, выключэння з ВНУ, прымусовага прызыву у войска). Еўрадэпутаты заклікаюць пераглядзець справу Арцёма Дубскага, неадкладна вызваліць Леаніда Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку.
Паводле праекту рэзалюцыі, прадстаўніцтва Беларусі ў парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства Euronest будзе складацца напалову з прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці і напалову з прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў па формуле 5+5. У выпадку нязгоды афіцыйнага Мінску на такі парадак фармавання, дэлегацыя ад Беларусі будзе прадстаўлена дзесяцю прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці.
Аляксандр Мілінкевіч таксама возьме ўдзел ва ўрачыстым ўручэнне прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” Расійскаму гісторыка-асветніцкаму дабрачыннаму і праваабарончаму таварыству “Мемарыял”. Нагадаем, лаўрэат прэміі імя Андрэя Сахарава за 2006 год Аляксандр Мілінкевіч ужо агучыў свае віншаванні “Мемарыялу”.
Падчас візіту ў Страсбург запланавана сустрэча лідэра Руху “За Свабоду” з Старшынёю Еўрапарламента Ежы Бузэкам.
Усе навіны



