МІЛІНКЕВІЧ Аляксандр Уладзіміравіч (Милинкевич Александр Владимирович, Milinkіevich Alіaksandr).

Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне ў сям’і заслужанага настаўніка БССР. Праўнук і прапраўнук рэпрэсаваных паўстанцаў К.Каліноўскага. Унук актывіста беларускага руху 20-х гадоў. Беларус. Праваслаўны. Скончыл Гродзенскую СШ №1 з залатым медалём (1965) і з чырвоным дыпломам фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я.Купалы (1969). Працаваў настаўнікам (1969). Чэмпіён БССР па баскетболу ў 1969 годзе.
Скончыў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР па спецыяльнасці “Фізічная электроніка, у тым ліку квантавая” (1972) і працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у тым жа інстытуце (1972-76). Абараніў дысертацыю “Механізмы генерацыі звышмоцных лазэрных імпульсаў” (1976). Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.
Інжэнер і старэйшы выкладчык Гродзенскага педінстытута (1976-78). Дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978-2000). Быў камандзіраваны ў Алжыр, дзе працаваў загадчыкам кафедры фізікі ва ўніверсітэце горада Сеціф (1980-84).
Аўтар і вядучы тэлеперадач па гісторыі Гродзеншчыны (1986-1993). Арганізатар рэстаўрацыі аднаго з найстаражытнейшых у Еўропе вежавых гадзіннікаў – ратушнага гадзінніка ў Гродне.
Быў абраны намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, дзе займаўся пытаннямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорта, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны (1990-96). Зышоў з улады ў час падрыхтоўкі антыканстытуцыйнага рэферэндума.
Стажыраваўся ва ўстановах Еўрасаюза па пытаннях функцыянавання і пашырэння ЕС, у Польшчы па праблемах мясцовага самакіравання, дзяржаўнага будаўніцтва, эканамічных рэформ і правоў чалавека, у Каліфарнійскім універсітэце (ЗША) і ва ўніверсітэце Манпелье (Францыя). Прайшоў курс навучання вышэйшага кіруючага складу ў еўрапейскім Цэнтры даследаванняў праблем бяспекі ім. Джорджа Маршала (ФРГ), вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і вопыт развіцця спорта ў Канадзе.
Прэзідэнт баскетбольнага клубу “Гродна-93”, чэмпіёна Беларусі (1996).
Старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Ратуша”(1996-2003), ліквідаванага ўладамі. Старшыня Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў (1999-2005). Ініцыятар стварэння аб’яднання “Рэгіянальная Беларусь і кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Сямёна Домаша (2001). Старшыня Гродзенскага “Таварыства Беларускай Школы” (2003-05). Старшыня Рады Аб’яднаных Дэмакратычных Сілаў (2005-07).
Кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь (2006).
Старшыня “Руху за Свабоду” (з 2006).
Сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў і Міжнароднага ПЭН-Клубу.
Лаурэат Прэміі Еўрапарламента імя А.Сахарава “За свабоду думкі”, Прэміі імя Сержыё Віера дэ Мэла, высокага камісара ААН па правах чалавека, за дзеянні мірнага супраціўлення і супрацоўніцтва супольнасцяў, рэлігіяў і культур, Міжнароднай прэміі Незалежнага Фонда “Полькуль” (Аўстралія), Ганаровы сябра “Саюза Палякаў Беларусі” , Ганаровы грамадзянін горада Талса (Аклахома, ЗША). Узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад польскай культурай”.
Аўтар 65 навуковых прац па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі культуры, архітэктуры, адукацыі, навукі і тэхнікі Беларусі, аўтар артыкулаў у энцыклапедыях “Гісторыя Беларусі” і “Архітэктура Беларусі”.
Валодае, акрамя роднай беларускай,–французскай, англійскай, польскай і рускай.
Жанаты, мае двух сыноў і ўнучку.






