Наша бачанне будучай Беларусі
Платформа
Наша бачанне будучай Беларусі
Платформа
Наша бачанне будучай Беларусі
Платформа
Наша бачанне будучай Беларусі
Платформа
Наша бачанне будучай Беларусі
Платформа
Наша бачанне будучай Беларусі
Уводзіны
Беларусь аднавіла сваю незалежнасць у 1991 г. і дэкларавала пабудову дэмакратычнай дзяржавы. Аднак для тых, хто сёння пры ўладзе, незалежная еўрапейская Беларусь ня ёсць каштоўнасцю. Для іх дзяржава – інструмент утрымання ўлады і ўласнага узбагачэння.
Пакуль мы пазбеглі страты незалежнасці, эканамічных і сацыяльных забурэнняў. Разам з тым сённяшні рэжым так і не здолеў адказаць на ніводны з выклікаў, якія стаялі перад нашай краінай на пачатку 1990-х гадоў. Па-ранейшаму існуе небяспека страты незалежнасці, няма гарантыяў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, маладое пакаленне не мае перспектываў самарэалізацыі. Імкліва павялічваецца інтэлектуальны, сацыльны і тэхналагічны разрыў з еўрапейскімі краінамі-суседзямі. Сацыяльная і палітычная паўза зацягнулася; і небяспеку гэтага адчувае усё большая колькасць беларусаў.
Рух За Свабоду гатовы даць адказы на гэтыя выклікі і небяспекі. Рух ўсведамляе сваю адказнасць перад краінай і будзе адстойваць нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Адрозна ад сённяшніх уладаў мы бачым Беларусі іншай, мы бачым яе поўнапраўным чальцом у сям’і роўных еўрапейскіх народаў. Мы ведаем, што нашыя каштоўнасці абапіраюцца на беларускую культурную традыцыю і гэта каштоўнасці кожнай цывілізаванай нацыі.
1. Беларускія каштоўнасці
1.1. Свабода. Свабода – гэта права кожнага грамадзяніна на жыцьцё, на самарэалізацыю, на дабрабыт і асабістую бяспеку. Ніхто не можа пазбавіць яго гэтага права. Гатоўнасць чалавека абараняць права на свабоду завецца гонарам. Ўсё, што дазволена рабіць ў справах гонару запісана ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Еўрапейскай канвенцыі ў абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў і прызнанае ў нашым Асноўным Законе. Ніхто не мае права абмяжоўваць свабоды, дадзенай Богам і задэклараванай нашай Канстытуцыяй.
1.2. Незалежнасць. Беларусь – дзяржава, якую утварылі мы ўсе. Паводле нашай Канстытуцыі, Беларусь сама вырашае свой лёс.
Народам абраная ўлада павінна падтрымліваць сілу і слова Асноўнага Закону на ўсім абшары нашай зямлі, пільнаваць наша права і інтарэс ў дачыненьнях з суседнімі дзяржавамі.
Нацыя – вышэйшае яднаньне духоўных і працоўных дасягненьняў нашых продкаў, увасобленае ў нашай культуры, мове, побыце, нашым багацьці, нашай веры. Нацыя – наш агульны лёс, наканаваны Богам.
1.3. Еўрапейскі выбар. Ад сівой даўніны Беларусь - неад’емная частка еўрапейскай культуры і цывілізацыі. Аднак больш за 2 стагоддзі наша краіна гвалтоўным чынам была выключаная з еўрапейскага кантэксту развіцця. Вяртанне ў Еўропу – гарантыя захавання нашай незалежнасці, культуры, развіцця эканомікі, росту дабрабыта і свабоды.
1.4. Улада народу магчымая толькі тады, калі ў краіне ёсць свабодныя выбары, калі ўлада выконвае закон, паважае годнасць і правы людзей. Прадстаўнікі ўлады – гэта нанятыя працаўнікі, якія служаць грамадзянам, іх інтарэсам, а не самім сабе.
1.5. Дабрабыт – гэта багацце асобнага чалавека, сям’і і ўсёй краіны, якое грунтуецца на праве прыватнай ўласнасці і непарушнасці дамоваў. Падтрымліваць старых, малых і нямоглых – абавязак кожнай асобы, сям’і і ўсёй дзяржавы.
1.6. Мір. Беларусь мае на мэце ўсталёўваць і падтрымліваць добрасуседзкія дачыненні з усімі краінамі свету.
1.7. Бяспека. Беларуская дзяржава нясе адказнасць за абарону жыцця і здароўя кожнага чалавека, кожнай сям’і, незалежна ад паходжання, веравызнання і нацыянальнасці.
2. Беларусь сёння і заўтра: пагрозы і выклікі
2.1. Дыктатура і міжнародная ізаляцыя. Абмяжоўвае магчымасці развіцця як асобы, так і грамадства. Вынікам панавання дыктатуры ёсць сацыяльны, палітычны і эканамічны крызіс. На жаль, усе мы сталі закладнікамі сітуацыі чакання крызісу.
2.2. Эканамічны заняпад, энергетычная залежнасць, тэхналагічная адсталасць. З прычыны дыктатуры, Беларусь выключаная з сусветных працэсаў мадэрнізацыі, развіцця чалавечага патэнцыялу, чалавечых кантактаў, інвестыцыйных плыняў. У выніку, перад краінай нарастаюць праблемы тэхналагічнай адсталасці, энергетычнай залежнасці, неканкурэнтназдольнасці, што робіць яе падлеглай знешняму ціску, эканамічнаму шантажу, стварае пагрозу захопу беларускіх прадпрыемстваў алігархічным капіталам, вядзе да руйнавання сацыяльнай стабільнасці і грамадзянскай згоды. Адсталасць экономікі вядзе да зніжэння стандартаў узроўню жыцця, адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння, абвастрае дэмаграфічныя праблемы.
2.3. Страта незалежнасці. Гэта страта перспектываў самастойнага развіцця, эканамічны заняпад, гістарычны нябыт і ператварэнне ўсяго беларускага народу ў рэсурс для ажыццяўлення чужынскіх дзяржаўных інтарэсаў.
2.4. Культурны заняпад і размыванне нацыянальнай тоеснасці вядзе да няздольнасці вызначаць і адстойваць нацыянальныя інтарэсы, бараніць самога сябе, сваю сям’ю і краіну. Дзяржаве адкрываецца прастора зневажаць грамадзяніна і экплуатаваць чалавека. Вынікам культурнага заняпаду з’яўляецца дэградацыя чалавечай асобы, здзічэнне дзяржавы і падзенне агульнага ўзроўню жыцця.
2.5. Карупцыя, неэфектыўнасць адміністрацыйнай сістэмы. Вынішчэнне сённяшняй уладай парасткаў дэмакратыі прывялі да поўной ліквідацыі па-сапраўднаму дэмакратычных працэдураў на ўсіх узроўнях сістэмы кіравання і спрыяюць росту карупцыі і сацыяльнай напружанасці.
2.6. Экалагічныя выклікі. Чалавечая дзейнасць па змене навакольнага асяроддзя спараджае пэўныя небяспекі для здароў’я і дабрабыту грамадзянаў як у доўгатэрміновай, так і ў кароткатэрміновай перспектыве. Галоўная экалагічная пагроза для Беларусі звязана з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У Беларусі прычынамі неспрыяльных прыродных зменаў могуць быць меліярацыя, асушэнне балотаў, вырубка лесу, здабыча карысных выкапняў і торфу, што не бярэ пад увагу экалагічныя патрабаванні. Аварыі на прамысловых аб’ектах ў Беларусі і ў суседніх краінах таксама могуць нанесці значную шкоду навакольнаму асяроддзю і выклікаць іншыя негатыўныя наступствы.
2.7. Знешнія выклікі. Беларусь знаходзіцца ў атачэнні краінаў з розным палітычным, эканамічным, канфесійным ладам, з’яўляецца транзітнай зонай для перамяшчэння людзей, матэрыяльных каштоўнасцяў і тавараў паміж рознымі краінамі і рэгіёнамі, што робіць яе зонай інтарэсаў міжнародных злачынных груповак. На тэрыторыі Беларусі маюцца аб’екты, якія могуць стаць мішэнню міжнародных тэрарыстаў з мэтай прад’яўлення ультыматыўных патрабаванняў як Беларусі, так і краінам, з якімі Беларусь узаемадзейнічае ў эканамічнай і іншых сферах. Дыктатура і ізаляцыя ўводзяць Беларусь у катэгорыю краінаў–ізгояў, якая аказываецца сам-насам з гэтымі выклікамі.
3. Нацыянальныя інтарэсы і прыярытэты
Руху “За Свабоду”
3.1. Захаванне незалежнасці і гарантаванне незваротнасці існавання дзяржавы Беларусь
Рух “За Свабоду” будзе змагацца за:
Спыненне сяброўства ў ваенна-палітычных саюзах.
• Перамовы аб дасягненні і міжнародным гарантаванні статусу пастаяннага нейтралітэту.
• За нармалізацыю дачыненняў з Расійскай Федэрацыяй на падставе цівілізаваных адносінаў двух незалежных краінаў, пераход на празрыстыя рынкавыя прынцыпы эканамічных дачыненняў і безумоўнае шанаванне абодвумі бакамі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці адзін аднаго.
3.2. Устойлівае развіццё базуецца на раскрыцці творчага, інтэлектуальнага і прадпрымальніцкага патэнцыялу грамадзянаў краіны, на эканамічнай і тэхналагічнай мадэрнізацыі, на выкарыстанні ўнікальнага геапалітычнага становішча краіны, на пашырэнні еўрапейскіх дасягненняў беларускай навукі і культуры.
Рух “За Свабоду” будзе выпрацоўваць і прапагандаваць пазітыўныя альтэрнатывы развіцця Беларусі дзеля стварэння ўмоваў дзейнасці вольнарынкавай эканомікі, забеспячэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, гарантавання правоў уласнасці, у тым ліку на зямлю, аднаўлення асноўных вытворчых фондаў за кошт прыцягнення ўнутраных і замежных інвестыцыяў, падатковай рэформы (увядзенне адзінага падатку), скасавання бар’ераў на шляху прадрымальніцкай дзейнасці беларускіх грамадзянаў, павялічэння інвестыцыяў у чалавечы капітал (адукацыя, навука, ахова здароўя, культура). Будуць скасаваны 90% ліцэнзій, разам з дзяржаўнымі прадпрыемствамі прыватны бізнэс будзе мець роўны доступ да фінансавых і іншых рэсурсаў, сыравіны, будзе мець роўныя умовы для вядзення гаспадарчай дзейнасці.
Дзеля выпрацоўкі гэтых альтэрнатываў, мы будзем імкнуцца наладзіць дыялог паміж незалежным грамадствам і тымі прадстаўнікамі ўрадавых структураў, што адчуваюць адказнасць за будучыню Беларусі і гатовыя да пераменаў у краіне.
Мы таксама імкнемся спрыяць гарманічнаму развіццю рэгіёнаў Беларусі і пераадоленню сацыяльнага і культурнага разрыву паміж горадам і вёскай шляхам падтрымкі мясцовых эканамічных і сацыяльных ініцыятываў. Дзеля гэтага мы будзем заангажоўваць у нашу дзейнасць прадстаўнікоў мясцовых эліт з мэтай распрацоўкі перспектыўных планаў рэгіянальнага развіцця, падвышэння сацыяльнага і эканамічнага статусу сярэдніх і малых гарадоў, вёсак.
3.3. Еўрапейская інтэграцыя
Стратэгічная мэта Руху “За Свабоду”- інтэграцыя Беларусі ў Еўрапейскі Саюз. Толькі еўрапейская Беларусь мае будучыню як дзяржава, як нацыя свабодных і заможных людзей.
Рух за Свабоду распрацоўвае стратэгічнае бачанне еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, і будзе прасоўваць інтэграцыйныя працэсы, калі для іх будуць створаныя палітычныя ўмовы. Ужо сёння мы супрацьстаім палітыцы самаізаляцыі, што праводзяць афіцыйныя ўлады. Выкарыстоўваючы свой міжнародны аўтарытэт, Рух “За Свабоду” імкнецца да інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую адукацыйную, культурную, інтэлектуальную і інфармацыйную прастору, працуе дзеля таго, каб тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад моладдзю ў ЕС, былі дасяжнымі і для беларускай моладзі.
Мы за аднаўленне чалавечых, гаспадарчых і культурных кантактаў паміж Беларуссю і краінамі-суседзямі, што былі парушаныя цягам апошняга дзесяцігоддзя як рэжымам, так і ў выніку пэўных працэсаў, што адбываліся ўнутры Еўропы. Мы будзем дамагацца адмены візавага рэжыму для грамадзянаў усіх еўрапейскіх краінаў і змякчэння, а потым і адмены візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.
Мы за ліквідацыю бар’ераў на шляху вольнага перамяшчэння людзей, тавараў, паслугаў і капіталаў з еўрапейскімі краінамі.
Мы таксама гатовыя зрабіць усё дзеля таго, каб падвысіць аўтарытэт Беларусі ў Еўропе і свеце, прапагандаваць нашыя дасягненні ў галінах навукі, культуры і мастацтва. У нашых нацыянальных інтарэсах – не дапусціць, каб Беларусь атаясамлівалася толькі з адным чалавекам.
3.4. Энергетычная бяспека
Мы пераканыя, што гарантаванне энергетычнай бяспекі Беларусі магчымае толькі праз супрацоўніцтва і інтэграцыю з краінамі Еўразвязу. Сёння як ніколі цяпло і святло у доме кожнага беларуса наўпрост залежаць ад таго, ці здольная краіна ў цэлым да нармальных дачыненняў з навакольным светам і асабліва з бліжэйшымі суседзямі.
Дыктатарскі рэжым, што сёння існуе ў Беларусі, ёсць галоўнай прычынай энергетычнай залежнасці краіны і звязаных з ёй палітычных сацыяльна-эканамічных пагрозаў.
Каб змінізаваць гэтыя пагрозы, мы гатовыя спрыяць:
• Стварэнню ўмоваў дзеля ўключэння Беларусі ў ствараную агульнаеўрапейскую сістэму энергетычнай бяспекі.
• Развіццю рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі ў рамках чатырохкутніка Беларусь-Украіна-Польшча-Літва.
• Дыверсіфікацыі крыніцаў паступлення энерганосьбітаў.
• Развіццю энергаашчаджальных тэхналогіяў і прыцягненню еўрапейскіх інвестыцыяў у энергетычны сектар краіны.
3.5. Сацыяльная і дэмаграфічная бяспека
Мы сур’езна заклапочныя пагаршэннем сацыяльнай і дэмаграфічнай сітуацыі, вырашэнню якой не спрыяе сённяшняя палітыка ўладаў. Апошнім часам дзяржава свядома самаўхіляецца ад дапамогі людзям, што жывуць на забруджаных Чарнобылем тэрыторыях, састарэлым і нямоглым людзям і маладым сем’ям. Пераважная большасць маладых сем’яў не маюць рэальных магчымасцяў самастойна зарабіць грошы і набыць уласнае жытло.
Небяспечныя тэндэнцыі існуюць у сістэме аховы здароўя ў краіне. Якасныя медычныя паслугі робяцца ўсё менш даступным для людзей. Разам з тым спажыванне няякаснага і таннага алкаголь, вытворчасць якога ўвесь час расце, падрывае генафонд нацыі.
Мы прыкладзем усе намаганні, каб абараніць сацыяльныя гарантыі, якія дзяржава сёння забірае ў сваіх грамадзянаў. Шляхам грамадскіх кампаніяў, падтрымкі мясцовых ініцыятываў, прававой дапамогі насельніцтву, мы будзем дамагацца, каб дзяржава:
• Пашырыла адрасную дапамогу састарэлым і нямоглым людзям, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы;
• Павялічыла гарантаваную дзяржаўную грашовую дапамогу бацькам па выхаванні дзяцей;
• Спрыяла стварэнню разгалінаванай сеткі дзяржаўных і прыватных дзіцячых дашкольных установаў;
• Увяла сістэму страхавой медыцыны;
• Лібералізавала банкаўскі сектар з мэтай зніжэння працэнтных ставак па крэдытаванні, што паспрыяе вырашэнню жыллёвай праблемы для маладых сем’яў;
• Развівала масавыя і даступныя віды спорту, а не марнавала бюджэтныя грошы дзеля задавальнення палітычных амбіцыяў рэжыму;
• Увяла еўрапейскія стандарты якасці алкагольных і тытунёвых вырабаў.
3.6. Экалагічная бяспека
Мы будзем дамагацца ўвядзення еўрапейскіх стандартаў кантролю за якасцю прадуктаў харчавання, стану навакольнага асяроддзя, прамысловых тавараў і спосабаў іх вырабу.
Мы выступаем і будзем змагацца супраць перанясення на тэрыторыю краіны састарэлых і экалагічна небяспечных тэхналогіяў, у першую чаргу звязаных з з ядзернай энэргетыкай.
3.7. Захаванне нацыянальнага адзінства і нацыянальнай адметнасці.
Культурнае адраджэнне Беларусі
Мы будзем працаваць дзеля:
• Развіцця нацыянальнай культуры, захаванне гістарычнай памяці і хрысціянскіх каштоўнасцяў
• Забеспячэння роўнага і поўнапраўнага статусу дзяржаўнай беларускай мовы
• Развіцця сістэмы адукацыі, якая базуецца на нацыянальна-культурніцкіх традыцыях і інтэгруецца ў еўрапейскую адукацыйную прастору;
• Забеспячэння умоваў для свабоднага выказвання (развіццё незалежных мас-медыяў) і веравызнання.
Заключэнне
Мы хочам быць разам і прапануем гэты дакумент, каб як мага больш людзей знайшлі апірышча дзеля супрацоўніцтва і дыялогу. Гэта заклік да ініцыятывы і дзеяння кожнага.
Мы адкрытыя для ўсіх, хто хоча змяніць да лепшага становішча ў краіне і адкрыць шлях да свабоднага і еўрапейскага развіцця Беларусі.
Рух “за Свабоду” – гэта ініцыятыва і дзеянне кожнага з нас.



