Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Ці дазволіць Еўропа яшчэ адзін аншлюс і жалезную заслону на сваёй тэрыторыі?

10/10/2006

Аляксандр Мілінкевіч, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл:

"Увосень 1938 году еўрапеўскія дзяржавы паддаліся нацысцкаму рэжыму ў Германіі і “блаславілі” яго гвалт над Чэхаславакіяй, якая праз некалькі месяцаў проста перастала існаваць. У выніку супрацоўніцтва гітлераўскай Германіі з аўстрыйскімі нацыстамі Аўстрыя знікла яшчэ да Мюнхенскага пагаднення. Пасля таго, як у сакавіку 1938 года, тэрыторыя Аўстрыі была занятая верхмахтам, за ліквідацыю сваёй бацькаўшчыны прагаласавала нібыта больш за 99% аўстрыякаў. Сёння, амаль праз 70 год, ёсць пагроза, што ў Еўропе ізноў будзе праведзены падобны рэферэндум, вынікам якога можа стаць знікненне незалежнай Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што краіны Еўрапейскага Саюзу дапамогуць нам захаваць незалежнасць.

Зусім нядаўна ў Чарнагорыі адбыўся рэферэндум аб абвяшчэнні незалежнасці краіны. Яго вынікі былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Магчыма таму, цяпер, падобныя народныя галасаванні, адбываюцца ў розных частках усходняй Еўропы, праўда ўжо пры зусім іншых абставінах. Калі ў Чарнагорыі галасаванне было абвешчана дэмакратычна абранай, законнай, прызнанай у свеце ўладай, і рэферэндум адбыўся ва ўмовах свабоды слова і без ціску з боку суседніх краін, дык у іншых выпадках усё адбываецца іначай. Гэта мы яскрава маглі назіраць у верасні ў Прыднястроўі. Няма сумневу, што падобная сітуацыя будзе адбывацца ў лістападзе і ў Паўднёвай Асеціі. Вышэйзгаданае актуальна і для Беларусі, дзе пагроза рэферэндуму ўсё яшчэ з’яўляецца рэальнай. На жаль, для ўсіх выпадкаў характэрна тое, што ў іх цяні стаіць Расія.

Стасункі Беларусі і нашага ўсходняга суседа апошнім часам становяцца ўсё больш складанымі. Патрабаванне Расіі падвысіць кошты паставак газу мае не эканамічны, а відавочны палітычны падмурак. Гэтак жа бясспрэчна і тое, што расійскі бок мае намер завалодаць беларускім транзітным газаправодам і нафтапераапрацоўчымі прадпрыемствамі, і гэта зноў-такі з палітычных мэтаў. У першым выпадку гэта ўяўляе небяспеку для Еўропы. Менавіта па той прычыне, што яшчэ больш узмацняе і набліжае памкненні Расіі манапалізаваць транспартныя шляхі гэтай стратэгічнай сыравіны. Ціск з дапамогай коштаў можа быць таксама выкарыстаны Расіяй, каб прымусіць Аляксандра Лукашэнку арганізаваць рэферэндум аб стварэнні доўга і даўно плануемай саюзнай дзяржавы.

З іншага боку ёсць значная верагоднасць таго, што кіраўнік Беларусі ў такім выпадку паспрабуе выкарыстаць народнае галасаванне на сваю карысць. Каб паказаць расійскаму боку, што большасць людзей у Беларусі не жадае аб’ядноўвацца з Масквой (і гэта было б, пэўна, упершыню, калі ён меў бы рацыю), і тым самым паспрабаваць атрымаць большую легітымнасць для падаўжэння сваёй улады. Так ці інакш, калі рэферэндум усё ж будзе абвешчаны, мы спадзяемся, што Еўрапейскі Саюз разам з ЗША ды іншымі дэмакратычнымі краінамі гучна скажа, што ў сучасных беларускіх умовах вырашаць такія важныя пытанні, як страта суверэнітэту і незалежнасці краіны, немагчыма. А таксама рашуча і пераканаўча заявіць Расіі і сённяшняму кіраўніцтву Беларусі, што правядзенне рэферэндуму з’яўляецца нелегітымным, а яго верагодныя вынікі будуць праігнараваныя.

Пакуль існуе пагроза знікнення нашых межаў на ўсходзе, з іншага, заходняга, боку краіны паціху паўстае новая жалезная заслона. Нягледзячы на дэкларацыю Еўракамісіі аб падтрымцы і пашырэнні міжчалавечых кантактаў існуе пагроза таго, што з падвышэннем да 60 еўра коштаў на Шэнгенскія візы, яшчэ больш зменшыцца і так малая колькасць беларусаў, якія наведваюць краіны Еўрасаюза (у мінулым годзе менш за 7% насельніцтва). А менавіта пасля таго, як да Шэнгенскай зоны далучацца новыя краіны-члены, у тым ліку і нашыя суседзі ( у гэтыя краіны ў мінулым годзе было выдадзена амаль паўмільёна віз), паўстане новая жалезная заслона. Бо кошт у 60 еўра складае траціну сярэдняга месячнага заробку ў Беларусі. Найлепшы падарунак Аляксандру Лукашэнку, які ўсімі намаганнямі імкнецца ізаляваць Беларусь ад дэмакратычных краін свету, нельга было і прыдумаць!

Без сумневу гэта выкарыстае і ягоная прапаганда, якая і так ужо доўгі час імкнецца пераканаць нас, што “Еўропа Беларуссю зусім не цікавіцца” і адзінай краінай з якой можна падтрымліваць сяброўскія стасункі (без уліку Кубы, Ірана, Венэсуэлы і Кітая) гэта Расія. У адрозненні ад Расіі і Украіны, з якімі Еўропа сёння вядзе кансультацыі аб непадвышэнні кошту на візы, які сёння складае 35 еўра, абсалютна відавочна што пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі падобныя перамовы весці немагчыма. Нават калі яны будуць тычыцца такога надзённага для беларусаў пытання. Аднак, я спадзяюся, што Еўрапейскі Саюз, пры вызначэнні цэнавай візавай палітыкі для беларусаў, возьме пад увагу тое, што Беларусь з’яўляецца выключным выпадкам краіны, уладу ў якой ўласна кіраўнікі ЕС лічаць нелегітымнай, якая да таго ж не мае зацікаўленасці ў якіх-небудзь стасунках з Еўропай (акрамя, безумоўна, гандлёвых).

Натуральна, у інтарэсах беларусаў, каб гэтыя стасункі былі як мага лепшымі. Нашым грамадзянам важна мець магчымасць як мага прасцей вандраваць па Еўропе і наладжваць кантакты са свабодным светам на розных узроўнях. Калі краіны ЕС сапраўды хочуць падтрымаць дэмакратызацыю Беларусі, як гэта апошнім часам дэкларуецца, дык адмена (ці хаця б непадвышэнне) збору за візы можа быць тым найлепшым сродкам для гэтага. Толькі за тыя 200 мільёнаў еўра, якія еўрапейскія падаткаплацельнікі выдаюць на перамяшчэнне еўрапейскіх дыпламатаў з Брусэля да Страсбурга і назад, шэнгенскую візу маглі б атрымаць тры мільёны беларусаў па кошце 60 еўра, і больш за 5,5 мільёнаў па кошце 35 еўра.

Я цвёрда веру ў тое, што дэмакратычная Еўропа не дазволіць, каб Беларусь страціла сваю незалежнасць, гэтак жа як і не дазволіць,каб у выніку падвышэння кошту на шэнгенскія візы, паўстала новая жалезная заслона. Гэта толькі ўзмацніць існуючы рэжым у Беларусі і аддаліць пачатак дэмакратычных пераменаў у Беларусі."


"Белорусы и рынок"

Усе навіны