Затрыманы дарадца МІЛІНКЕВІЧА, ператрус у прэс-сакратаркі. Помста за прэмію імя Сахарава?
Сёння ў Гродна ў 13.50 быў затрыманы Андрэй Кусяльчук, дарадца лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. Вядома, што яго затрымалі, калі ён вёз у машыне «друкаваную прадукцыю». Паводле афіцыйнай вэрсіі, агучанай у РУУС, гэта газэта «Свабода».
Сёння ж міліцыянты маніліся ператрэсці хату Юліі Коцкай, супрацоўніцы прэсавай групы А. Мілінкевіча. Аднак хата была замкнёная. Міліцыянты паведамілі суседзям, што нібыта быў сігнал, што з дому вывозяць спірт. Пасля гэтага міліцыянты наведалі маму Юліі. Аднак спадарыня адмовілася ехаць адмыкаць хату, пакуль няма санкцыі пракурора. Праз некалькі гадзінаў міліцыянты вярнуліся без санкцыі, але з новым падазрэннем: нібыта ў хаце апроч спірту вырабляюць яшчэ і падробныя дакументы. Маці па-ранейшаму адмаўляецца адмыкаць хату. Каля хаты Ю. Коцкай дзяжурыць міліцэйская машына.
Налёты на двух памочнікаў Мілінкевіча выглядае як "адказ" уладаў на прысуджэнне Эўрапейскім парламэнтам лідэру дэмакратычных сілаў ганаровай прэміі імя Сахарава.
Паводле словаў прэс-сакратара Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, Кусяльчук знаходзіцца ў спэцпрымальніку-разьмеркавальніку. Яму інкрымінуюць артыкул 156 «Дробнае хуліганства». Суд адбудзецца заўтра, 30 кастрычніка.
паводле "Нашай Нівы"
Усе навіны


