МІЛІНКЕВІЧ: На прыбыткі ад нафты нас 12 гадоў гвалтам кармілі ўдоямі і намалотамі
Лідэр аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч выказаў меркаванне, што агучаныя ўчора, 16 лістапада, А.Лукашэнкам, так званыя, "новыя ўмовы", паводле якіх Беларусь будзе жыць і працаваць з 1-га студзеня 2007 года, азначаюць толькі тое, што краіну чакаюць "сацыяльныя страсенні".
"Можна б хваліць Лукашэнку за тое, што ў ягоным выступе так шмат станоўчых заклікаў - "трэба дзейнічаць", "працаваць дзень і ноч", "трэба эканоміць", "зважаць на эфектыўнасць”, калі б не адна праблема", - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
"Праблема ў том, што сёння на календары - канец 2006 года, а не сярэдзіна 1994. Замест таго, каб на прыбыткі ад нафты і газа ствараць эканоміку, здольную вытрымаць сусветныя кошты на энэрганосьбіты, нас 12 гадоў гвалтам кармілі валавымі прыбыткамі, удоямі, намалотамі, бітвамі за ўраджаі", - патлумачыў палітык.
Вось і сёння, па ягоных словах, "нас заклікаюць да новай бітвы" за 2007 год, патрабуючы "эфектыўнасці".
"Але эканоміка павінна быць эфектыўнай заўсёды, а не толькі ў будучым годзе. І дасягаецца гэта не заклікамі кіраўніка дзяржавы, а шляхам паслядоўных і зразумелых для ўсіх дзеянняў, у тым ліку і стварэннем спрыяльных умоваў для прыцягнення інвестыцый, развіцця бізнесу і прадпрымальніцтва", - падкрэсліў лідэр апазіцыі.
"Бо не сакрэт, што такія гучныя заклікі Лукашэнкі, чыноўнікі на месцах звыкліся выконваць ледзь ці не з пенай у рота. А гэта значыць, чакай сацыяльных страсенняў, - выказаў засцярогу Аляксандр Мілінкевіч.
www.afn.by
Усе навіны


