Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

МІЛІНКЕВІЧ: У дакладзе Буша было вельмі цёпла сказана пра Беларусь

29/11/2006

У Рызе працягваецца саміт кіраўнікоў краінаў НАТО, на які запрошаны лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. 28 лістапада з імі сустрэўся прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джордж Буш. Пра тое, як праходзіла гэтая сустрэча радыё Свабода распавёў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч.

Джордж Буш сустрэўся з Аляксандрам Мілінкевічам, Андрэям Саньнікавым і Міхаілам Марынічам адразу пасля свайго выступу ў рыжскім універсітэце.

- Гэта была кароткая сустрэча. Ён чытаў даклад ва ўніверсітэце. І пасля сустрэчы падышоў. Я быў у першым шэрагу. Мы размаўлялі вельмі коратка. Мяне прадставіла прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга. Буш вельмі адкрыты, нават сціплы здаецца, даволі рашучы. Уражанне добрае.

Дарэчы ў яго дакладзе было вельмі цёпла сказана пра Беларусь. Пра тое, што Злучаныя Штаты будуць пастаянна з намі ў барацьбе за свабоду. І Беларусі было ўдзелена даволі шмат увагі. Я яму вельмі ўдзячны. Ён кіраўнік вялікай дзяржавы, дзе сапраўды прынцыпы свабоды, правоў чалавека ляжаць у аснове пабудовы Злучаных Штатаў, і для іх гэта не пустыя словы. Таму, такая падтрымка дорага каштуе.

Акрамя сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся ў Рызе з вядомым палітолагам, былым дарадцам амерыканскага прэзідэнта ў справе нацыянальнай бяспекі Збігневым Бжэзінскім і расейскім аналітыкам Сяргеям Караганавым. Паводле Мілінкевіча, яму было цікавае стаўленне гэтых людзей да сітуацыі ў Беларусі, да тых працэсаў, што адбываюцца ў краіне, стаўленне да гэтага ЗША і Расеі. Лідэр аб’яднаных дэмсілаў гаворыць, што ўсе ягоныя суразмоўцы вельмі заклапочаныя беларускай сітуацыяй:

- Яны перажываюць за Беларусь. Кажуць, што хацелі б, каб Беларусь хутчэй стала адной з раўнапраўных у сям’і еўрапейскіх народаў. Пры тым гэта абсалютна шчыра. Таму, што ўсё ж такі на мапе Еўропы такая краіна, якая не адпавядае сучаснасці, дыктатарская краіна, засмучае многіх. І ніхто ня хоча мець суседа з такой непрадказальнай палітыкай.

Сёння апошні дзень саміту. І пасля ўдзелу ў шэрагу мерапрыемстваў беларуская дэлегацыя ўдзень, пакідае Рыгу.


паводле радыё Свабода

Усе навіны