English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

У Віцебску судзяць актывіста руху "За свабоду!"

26/04/2007

Больш за месяц працягваецца разгляд справы віцебскага актывіста руху "За свабоду!" прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. Сёння паседжанне зноў перанеслі: не прыйшлі сведкі з боку абвінавачванага.

Суддзя Кішмярошкіна заслухала адзінага сведку — кіроўцу міліцэйскага аўтамабіля, які сцвярджаў, што нічога ня чуў і ня бачыў. А потым аб’явіла перапынак прыкладна на два тыдні.

Сяргея затрымалі напярэдадні Дня Волі ў гандлёвым цэнтры "Кантынэнт" падчас распаўсюду бюлетэня "Мы і рынак", які былы міліцыянер выдае і рэдагуе. Праваахоўнікі зрабілі асабісты вобшук і ператрус машыны прадпрымальніка. За бюлетэнь суткі не выпадалі, таму ў Першамайскім РАЎС склалі пратакол за дробнае хуліганства — нібыта па дарозе ў міліцэйскай машыне затрыманы брыдка лаяўся ды размахваў рукамі, чым перашкаджаў спакою месцічаў.

Хворага на бранхіяльную астму й абвостраную язву страўніка чалавека, свайго былога калегу, мліцыянты пратрымалі суткі ў ізалятары часовага ўтрымання. Але суддзя Жук адмовілася разглядаць справу ў выходны дзень, бо не было сакратаркі і ў працэсе ня мог удзельнічаць адвакат Парсюкевіча. Таму прадпрымальніка-актывіста, які гэты час трымаў сухую галадоўку, вымушаныя былі адпусціць.

На папярэднім паседжанні міліцыянты-сведкі па рознаму намалявалі карціну падзеяў. З іх расповеду цяжка зрабіць высновы, дзе ж дрэнна паводзіў сябе Парсюкевіч. Адзін казаў: у "Кантынэнце". Другі — у пастарунку. А трэці трымаўся першаснай версіі.

Як павернецца справа, стане вядома пазней. Сам былы кіраўнік крымінальнага аддзелу, а зараз актывіст дэмакратычнага руху бачыць два варыянты. Парсюкевіч:

- Я ўжо суткі адседзеў. І варыянт ёсць гэткім. Калі я раптам выяўлюся невінаватым, то атрымліваецца: вінаватыя тыя, хто мяне туды пасадзіў, хаця я на сто адсоткаў нічога процізаконнага не рабіў. А калі акажуся вінаватым, тады тыя супрацоўнікі міліцыі, якія на мяне ўзвялі паклёп, будуць правымі. Тут два варыянты. І гэтыя варыянты можа вырашыць толькі суд. А суд у нас, як вядома, самы гуманны...


радыё Рацыя

Усе навіны