У Гомелі перамаглі паплечнікі Аляксандра МІЛІНКЕВІЧА
У працы канферэнцыі ўзялі ўдзел лідэры палітычных партый і рухаў. У сваім выступе лідэр дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што дэмакратычныя сілы сёння значна слабейшыя, чым падчас прэзідэнцкіх выбараў, бо яны рэальна не аб’яднаныя. Ён сказаў, што на кангрэсе можна прымаць без сур’ёзных зменаў малую канстытуцыю і эканамічную платформу. Аднак, паводле спадара Мілінкевіча, стратэгія мае быць значна дапрацаваная.
- Стратэгія ў тым выглядзе, як яна ёсць – гэта стратэгія чакання. Мы чакаем, што нас запросяць альбо мы прымусім уладу сесці за “круглы стол”. А нам патрэбна стратэгія дзейнасці, дзейнасці з народам. Ісці ў народ трэба. Улада ня сядзе з намі за стол перамоваў, за “круглы стол”, бо не разглядае нас як сур’ёзнага партнера. І яна яшчэ не ў такім становішчы, каб садзіцца.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, трэба працаваць з адзіным штабам, з адзіным лідэрам і праграмай. Ён выказаўся за абранне старшыні палітрады на кангрэсе, тайным галасаваннем:
- Я не бачу свайго месца ў схеме ратацыйнай альбо “круглага стала”. Круглым сталом, кісялём з дыктатурай не змагаюцца. Я проста ня буду ўдзельнічаць. Я буду працаваць у кааліцыі, але браць на сябе адказнасць за тое, у што ня веру, я проста не змагу.
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што стратэгія мае адказаць на вельмі важнае пытанне – вакол чаго аб’ядноўваюцца дэмакраты.
- Аб’яднацца толькі на тым, што мы ня любім рэжым – замала. Мы павінны вызначыць каштоўнасці. Я думаю, што мы павінны аб’яднацца вакол наступных рэчаў: вольныя выбары, дэмакратыя, незалежнасць і інтэграцыя ў Еўрасаюз.
Прадстаўнікі МНС і міліцыянты спрабавалі перашкодзіць правядзенню Гомельскай абласной канферэнцыі прадстаўнікоў палітычных партый і грамадcкіх арганізацый.
паводле радыё Свабода
Усе навіны


