English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

С. Няроўны: Прыхільнікаў Мілінкевіча свядома пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у кангрэсе

09/05/2007

Рэгіянальныя кааліцыі Магілёўшчыны адмовіліся ўдзельнічаць у рэгіянальнай канферэнцыі дэмакратычных сілаў. Лідэры кааліцыяў з Горак, Крычава, Бабруйску не задаволеныя падрыхтоўкай канферэнцыяў. Яны вінавацяць Цэнтральную назіральную камісію ў парушэнні дамоўленасцяў і ўмоваў вылучэння дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі.

У Горках суполкі Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі камуністаў беларускай у адмысловай заяве назвалі працэдуру вылучэння дэлегатаў на канферэнцыю і кангрэс недэмакратычнай і незразумелай для актывістаў рэгіёну.

- Пра ўзровень арганізацыі кангрэсу сведчыць факт з былым сябрам ПКБ, якога калісьці на сходзе абралі дэлегатам на кангрэс, але ён туды не паехаў. Потым ён наагул перабег у КПБ. А цяпер ён фігуруе ў спісах дэлегатаў кангрэсу”, — апавёў Эдуард Брокараў.

На думку лідэра крычаўскай кааліцыі Сяргея Няроўнага, прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча свядома пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у кангрэсе.

- Робяцца захады, каб дэлегаты, якія належаць да боку Мілінкевіча, не былі ўдзельнікамі міні-кангрэсу. І зразумела, што нейкі бок хоча выкарыстаць на свой капыл сітуацыю і правесці свае рашэнні, — кажа Сяргей Няроўны.

Бабруйская кааліцыя “За свабоду” не будзе ўдзельнічаць у канфэрэнцыі на знак салідарнасці з сябрамі, якіх Цэнтральная назіральная камісія не дапусціла як дэлегатаў на кангрэс.

Лідэр кааліцыі "За свабоду" Алесь Чыгір лічыць, што правядзенне рэгіянальных канферэнцыяў і кангрэсу – немэтазгоднае:

- Усе гэтыя рэгіянальныя кангрэсы ня што іншае, як падмена паняццяў. Замест таго, каб заваёўваць сэрцы і душы людзей, гуляюць у гэтыя рэгіянальныя сходы, кангрэсы, якія ніякай ролі ў наладжванні камунікацыяў з людзьмі не адыгрываюць, а садзейнічаюць толькі разбурэнню дэмакратычных сілаў знутры.

Учора позна ўвечары магілёўскія рэгіянальныя арганізацыі Беларускай cацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі БНФ прынялі рашэнне ня ўдзельнічаць у канферэнцыі дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны.

Яны пакінулі за сабой права вырашаць, ці ўдзельнічаць дэлегатам ад партыяў у кангрэсе.

Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай Валер Беразіенка зазначае, што няўдзел у рэгіянальнай канфэрэнцыі дэлегатаў ад сацыял-дэмакратычнай партыі, Партыі БНФ робіць яе неправамоцнай.


- Я не ўхваляю рашэння Цэнтральнай назіральнай камісіі. Магчыма, яна і перавысіла свае паўнамоцтвы, але адмова ад удзелу ў абласной канферэнцыі можа прывесці да неправядзення Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў. А гэта, безумоўна, непрыгожа і няправільна.


svaboda.org

Усе навіны