У Гродна прайшлі мерапрыемствы памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў
Сёння ў гарадзенскай Уладзімірскай царкве мае адбыцца набажэнства, прысвечанае ахвярам палітычных рэпрэсій. За іх будуць таксама маліцца ў каталіцкай капліцы на вул.Рэпіна. А ўчора ўвечары ў Гродна збіраліся за круглым сталом гісторыкі, моладзь, удзельнікі асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Дні памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў у горадзе наладзілі актывісты Руху “За Свабоду”.
Карэспандэнт: “Мы заходзім у гарадзенскае Таварыства беларускай школы, тут адбудзецца круглы стол, прысвечаны ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Ужо сабралася моладзь, некалькі старэйшых людзей, усяго ў памяшканні больш за сорак чалавек.
Вядзе сустрэчу гісторык Эдуард Дмухоўскі, а пачынае гутарку за круглым сталом доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
Смалянчук: “Іншым разам можна пачуць: у БССР забівалі, і ў Заходняй Беларусі палякі праводзілі рэпрэсіі і таксама рэпрэсавалі беларусаў. Сапраўды, палітыка польскай дзяржавы была палітыкай падаўлення ўсяго беларускага, гэта безумоўна. Але ўсё ж ставіць на адну дошку нельга, тут з беларускіх дзеячаў загінулі адзінкі ў трыццатыя гады, у БССР выжылі адзінкі.
Той жа 1939 год быў страшным у гісторыі нашага гораду. Людзі казалі, што расстрэльвалі на тэрыторыі турмы, што расстрэльвалі ў Пышках, у раёне старых жыдоўскіх могілак, непадалёк мосту праз Нёман”.
Дмухоўскі: “Мне ўзгадалася гісторыя маёй сям’і: я ўнук рэпрэсаванага, майму дзеду вельмі пашанцавала, ён адседзеў усяго тры гады, таму што Сталін памер, і дзеда потым выпусцілі. Але маёй стрыечнай бабулі не пашанцавала, у яе ўсю сям’ю ў 39-40-м гадах узімку вывезлі, муж ня вытрымаў – памёр, яна засталася з маленькімі дзецьмі, у яе было немаўлятка, іх вывезлі ў Архангельск, і гэтае дзіця памерла, была зіма. І яна яго хавала ў снезе: разумееце, у Архангельску інакш гэта было немагчыма.
У нас зараз ёсць унікальная магчымасць пачуць жывыя гісторыі. Я хачу, каб перад намі выступіла Тамара Пятроўна Свірыдава”.
Свірыдава: “Наш бацька кадравы вайсковец, напачатку вайны трапіў у палон. Там было тры канцлагеры, з кожнага ён уцёк. У 45-м годзе амерыканцы яго вызвалілі з фашысцкага палону, але літаральна праз тры месяцы ён трапляе ў сталінскія лагеры, яшчэ страшнейшыя. Са сталінскага лагеру ён жывым ужо ня выйшаў. Самае страшнае: мама нашая памерла, нам з сястрой было па чатыры гадкі. Помню, што мы па памыйках лазілі, шукалі ежу. Потым мы трапілі ў страшны дзетпрыёмнік у Стэрлітамаку. Помніцца штосьці страшнае і чорнае. Мы ня ведалі, што мы дзеці ворага народу, але да нас ставіліся як да дзяцей ворага народу. Але мы ўсё-ткі выжылі, нам цяпер па 68 год хутка будзе, мы выжылі ўсім ворагам на злосць”.
Тамара Пятроўна Свірыдава – дачка “ворага народу”: рэпрэсаванага афіцэра Чырвонай арміі, які быў рэабілітаваны толькі ў 1975 годзе. А зараз прафесар Іван Лепешаў.
Лепешаў: “У кабінеце чэкіст маёр Волкаў выняў пісталет: ты арыштаваны. Пяць з паловай гадоў у сталінскіх лагерах. Як выйшаў, я цэлы год ня мог знайсці работу, нідзе не давалі, паколькі ў дакуменце напісана: вярнуўся са зняволення, “вораг народу”.
Дмухоўскі: “Мы толькі пачынаем, я думаю, мы яшчэ будзем збірацца, таму што ёсць гарадзенскія Курапаты, ёсць сведчанні, што існуюць такія месцы. Трэба весці даследчыцкую працу, запрашаю маладых, каму гэта цікава, далучацца да гэтай працы.
Што яшчэ мы зрабілі на сённяшні дзень? Адбылося набажэнства ў Каложскай царкве, дзе бацюшка маліўся за ўсіх рэпрэсаваных, як ён сказаў: “За всех невинно убиенных богоборческой властью в нашем Отечестве”.
радыё Свабода
Усе навіны


