Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ выступіў ў абарону права на свабоду сумлення
Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, а таксама шэраг вядомых палітыкаў, грамадскіх актывістаў, пісьменнікаў паставілі свае подпісы за змену закону "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый".
Усяго з 22 красавіка ў Беларусі сабрана звыш 20 тысячаў подпісаў пад зваротам у Канстытуцыйны суд аб унясенні змяненняў у закон "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях". У акцыі па абароне правоў на свабоду сумлення бяруць удзел хрысціяне розных дэнамінацый (католікі, праваслаўныя, пратэстанты) і прадстаўнікі грамадскасці.
Закон абмяжоўвае правы вернікаў, сцвярджаюць арганізатары кампаніі. За правядзенне набажэнстваў святароў караюць штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі; чыноўнікі сістэматычна не даюць дазволаў на правядзенне набажэнстваў і будаўніцтва храмаў; з-за фармальных прычын ліквідуюцца рэлігійныя абшчыны, дэпартуюцца з краіны святары-іншаземцы.
Як паведамляе сайт "Кампаніі па абароне права на свабоду сумлення", сярод падпісантаў вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Скурко, Святлана Завадская, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, маладафронтаўцы Барыс Гарэцкі, Зміцер Хведарук, Алег Корбан, актывіст руху "За Свабоду" Хрыстафор Жэляпаў, палітык Мечыслаў Грыб, старшыня юрыдычнай камісіі Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч і іншыя.
racyja.com
Усе навіны


