Таццяна Севярынец: Суд прайгралі яны — па духу!
Першамайскі раённы суд Віцебску адмовіў Тацяне Севярынец у аднаўленні на працы. Пазоў настаўніцы да аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Віцебску адхілілі, і цяпер яна беспрацоўная. Паводле позвы Таццяны Севярынец суд правёў тры пасяджэнні з удзелам пракурора і сведкаў з абодвух бакоў.
Урэшце суддзя Тацяна Родзіна падтрымала пазіцыю раённага аддзелу адукацыі, кіраўнік якога Уладзімер Шлома падпісаў загад на звальненне Таццяны Севярынец.
Кастусь Севярынец, муж і давераная асоба спадарыні Таццяны падчас суду, з пастановай суддзі не згадзіўся:
- Я ня згодны катэгарычна з гэтым прысудам. Ён вынесены яўна паводле палітычных матываў, гэта было выразна відаць з трох судовых пасяджэнняў. Я ўбачыў людзей, якія хлусяць у вочы, якія топяць свайго калегу. Гэта не настаўнікі!
Я хачу сказаць, што загадчыкі аддзелаў адукацыі прыходзяць і сыходзяць. А Тацяна Яўгенаўна — яна настаўніца на ўсё жыццё. Гэта пацвердзілі і вучні, і іх бацькі. І яна настаўніцай застанецца!
Напрыканцы сакавіка Тацяна Севярынец напісала заяву на адпачынак за свой кошт на час вясновых вакацыяў, атрымала дазвол дырэктара школы №40 Юр’я Лаўрэнава і вусную згоду кіраўніка раённага аддзелу адукацыі Ўладзімера Шломы.
Але праз колькі дзён загадчык адмяніў уласнае рашэнне, і, вярнуўшыся з адпачынку, Тацяна Севярынец даведалася, што прапусціла шэсць працоўных дзён.
Мы патэлефанавалі начальніку упраўлення адукацыі Першамайскага раёну Віцебску Уладзімеру Шлому і папрасілі яго патлумачыць, чаму ён адмяніў свой дазвол на адпачынак Таццяне Севярынец. Каментаваць сваё рашэнне Уладзімер Шлома адмовіўся. Шлома:
- Прашу, усе пытанні ў суд. У суд, суд, суд! Звяртайцеся ў суд, там усе былі, і Таццяна Севярынец, усе былі ў судзе. Усе пытанні ў суд, суд! Не да мяне.
Настаўніцу расейскай мовы вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым працоўным стажам звольнілі нібыта за прагулы. Паводле Таццяны Севярынец, сапраўдныя прычыны звальнення загадчык аддзелу адукацыі назваў ёй у прыватнай гутарцы, калі яна вярнулася з адпачынку.
- Мяне выклікаў да сябе загадчык аддзелу, і ці не з другой фразы пачаў казаць: “Кінь займацца палітыкай, і ўсё будзе нармалёва”. Я папрасіла растлумачыць, што ён мае на ўвазе — я ж не старшыня нейкай партыі, нічога такога падобнага. Ён кажа: “А выбары?” Ну, тут мяне ўзняло!
Я кажу: “Браць удзел у выбарах — гэта маё канстытуцыйнае права! Вы ведаеце маё стаўленне да сённяшняй улады, і вы добра ведаеце, што я яе не падтрымліваю!” Так што прысуд — гэта толькі фармальнасць, дэманстрацыя быццам бы іхнай нейкай сілы. Але суд прайгралі яны — па духу!” — мяркуе Таццяна Севярынец.
Разам з даверанай асобай і адвакатам Міхаілам Замаліным спадарыня Севярынец збіраецца абскардзіць судовую пастанову.
радыё Свабода
Усе навіны


