Віталь Сіліцкі: Расія пачынае іграць большую ролю ў фармаванні палітычнага ландшафту на апазіцыйным полі ў Беларусі
Той факт, што Расія пачынае іграць большую ролю ў фармаванні палітычнага ландшафту на апазіцыйным полі ў Беларусі, падаецца відавочным. Можна лёгка заўважыць, што значная частка расійскай палітычнай эліты і экспертнай супольнасці ўпэўненыя, што цанавы шок, спавадаваны нафтагазавым канфліктам, расхістае падмуркі палітычнага і эканамічнага ладу ў Беларусі і паскорыць трансфармацыю і нават калапс палітычнага рэжыму. У гэтых умовах адсутнасць “прарасійскай апазіцыі” можа прывесці да самых нечаканых паваротаў у гэтай трансфармацыі. Такім чынам, фармаванне такой апазіцыі падаецца як палітычная неабходнасць апераджальнага планавання сцэнару такой трансфармацыі, каб забяспечыць паўстанне новых элітаў у Беларусі, якія будуць спрыяльныя геапалітычным і эканамічным інтарэсам Расіі.
Мілінкевіч, якога цяжка назваць “антырасійскім” палітыкам (калі не браць пад увагу той сэнс, што надаецца палітычнымі тэхнолагамі, якія бачаць у гэтым святле любога палітычнага дзеяча, які адмаўляецца быць правадніком палітычных праектаў, што паходзяць з Расіі), паўстаў лідэрам, які надаваў пэўную рэспектабельнасць нацыянальным і праеўрапейскім памкненням дэмакратычный апазіцыі. У той жа час, пэўныя колы ў Расіі цягам апошняга года адкрыта заклапаціліся адсутнасцю “прарасійскай” апазіцыі ў Беларусі. Асабліва відавочным гэта стала падчас нафтагазавай вайны ўзімку 2007 года. З’яўленне палітычнага лідэра, які зрабіў выразную заяву, што ўстрымаецца ў палітычнай барацьбе ад дзеянняў, якія нанясуць шкоду незалежнасці ці эканамічным інтэрэсам Беларусі яўна супярэчыла памкненням па стварэнні такой “новай” апазіцыі. На знешні аспект актывізацыі прарасійскіх сілаў указвае тое, што яна адбылася ў той момант, калі пранезалежніцкія настроі ў беларускім грамадстве дасягнулі найвышэйшага пункту за ўсю гісторыю.
У адпаведнасці з гэтай логікай, змена варты ў кіраўніцтве апазіцыі падаецца як зачыстка палітычнай прасторы перад ажыццяўленнем амбіцыйнага палітычнага праекту перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў 2011 ці нават у 2010 годзе.
www.belinstitute.eu
Усе навіны


