20 чэрвеня донары пачынаюць страйк
Актывіст Руху “За Свабоду” з Магілёву Ігар Каваленка ініцыяваў правядзенне 20 чэрвеня страйку донароў. Страйк носіць папераджальны характар і ахопіць Магілёўскую, Мінскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці. Аднак Ігар Каваленка абяцае, што калі донарам не вернуць адабраныя льготы, то іх наступная акцыя пратэсту будзе арганізаваная яшчэ больш грунтоўна - да яе падключацца ўсе рэгіёны:
- Гэты донарскі страйк – першы. Я проста не даехаў да Віцебска і Горадні.
Каваленка кажа, што не было выпадкаў, каб нехта адмовіўся браць удзел у страйку:
- Усе, да каго я звяртаюся, пагаджаюцца. Але ёсць такія людзі, якія ў цяжкай сітуацыі, для якіх гэтыя рублі за здачу крыві надта неабходныя. Я разумею іх і не буду вінаваціць, калі яны не возьмуць удзелу ў страйку.
За здачу крыві донар атрымлівае 64 тысячы рублёў, за здачу плазмы – 106 тысячаў рублёў. Кроў здаецца раз на два месяцы, плазма – раз на два тыдні. За два дні да здачы крыві чалавек павінен не ўжываць алкаголь, не есці тлустага, не піць малако.
У дзень здачы ён мусіць а палове восьмай здаць аналіз крыві з пальца і вены. Вынікі становяцца вядомымі праз дзве гадзіны. Калі ўсё добра, то донар ідзе да тэрапеўта і праходзіць абследаванне. Потым – у буфет. Донару крыві выдаюць сок, печыва і зефір, донару плазмы – замест зефіру даюць бутэльку негазаванай вады.
Затым маладзейшыя ідуць на “аўтаматы” – адмысловыя прыстасаванні, якія працуюць без дапамогі дактароў. А старэйшыя, альбо тыя, ў каго не зусім добрая кардыяграма, – на ручную здачу. Працэдура здачы на “аўтамаце” займае 40 хвілінаў, ручная – паўтары гадзіны.
У донара крыві забіраюць 450 мілілітраў. Донар плазмы здае 600 мілілітраў: для гэтага ў яго забіраюць літр крыві, потым аддзяляюць плазму, а чырвоную р-масу ўліваюць назад.
Пасля здачы ў чалавека мераюць ціск, тэмпературу. Потым ён атрымлівае квіток на кампенсацыю. Дарэчы, гэтую кампенсацыю донарам не адмянілі. Пакінулі ім і два аплочвальныя выхадныя дні, бясплатныя сняданак і абед у дзень здачы крыві.
Донараў пазбавілі 50-адсоткавай зніжкі на лекі і на зубапратэзаванне, а таксама 40-адсоткавага дадатку да пенсіі.
racyja.com
Усе навіны


