English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Гродзенскім уладам не спадабаўся канцэрт у дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага

03/02/2008

Супрацоўнікі міліцыі, пажарнай аховы і ідэалагічнага аддзела гарвыканкама спрабавалі перашкодзіць правядзенню канцэрта Віктара Шалкевіча і гурта “Рэха” ў Гродне.

 

2 лютага ў Гродне супольным канцэртам знакамітага беларускага барда Віктара Шалкевіча і гурта “Рэха” распачалася грамадская кампанія “Год незалежнасці”, ініцыятарам якой стаў гродзенскі рух “За свабоду”. Кампанія прысвечана 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

У дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага больш за 200 чалавек сталі гледачамі канцэрта, зарганізаванага гродзенскім Рухам “За Свабоду”, гарадской арганізацыяй Партыі БНФ і “Маладым фронтам”.

 

Нечакана канцэрт апынуўся пад пагрозай адмены. Справа ў тым, што ў гродзенскі офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе было запланавана мерапрыемства, наведаліся прадстаўнікі пажарнай службы, а таксама маёр міліцыі Пётр Ленец і супрацоўнік аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Ярашэвіч.

 

Прадстаўнікі ўлады спрабавалі растлумачыць арганізатарам, што правядзенне канцэрта немагчыма ў сувязі з тым, што па тэхнічных прычынах памяшканне не прыстасавана да правядзення масавых мерапрыемстваў. Аднак, аматараў добрай беларускай музыкі збіралася ўсё больш і больш. Зразумела, што ніхто з людзей не планаваў разыходзіцца, і такое стаўленне прымусіла прадстаўнікоў улады пайсці на саступкі. У выніку адзін з арганізатараў канцэрта Павел Мажэйка напісаў заяву, паводле якой ён абавязаўся несці персанальную адказнасць за бяспеку людзей падчас канцэрта.

 

Апошнім часам увага ўлады да культурніцкіх мерапрыемстваў, якія арганізуе гродзенскі Рух “За Свабоду” становіцца больш шчыльнай, і, на думку Паўла Мажэйкі, гэта далёка не выпадкова:

 

- Відавочна, што ўлады раззлаваліся актывізацыяй грамадскага жыцця ў Гродне. Ім гэта непатрэбна і, на мой погляд, яны прыкладуць усе намаганні дзеля таго, каб нейкім чынам блакаваць правядзенне падобных мерапрыемстваў. Што датычыць канцэрта, то я не сумняваюся ў тым, што ў дачыненні да арганізатараў з боку ўлады будзе ажыццяўляцца пераслед. У панядзелак мяне абяцалі запрасіць на размову, вынік якой і пакажа рэальныя намеры ўладаў.

 

Наступным мерапрыемствам, якое ладзіць гродзенскі рух “За свабоду”, будзе прагляд мастацкага фільма “Катынь” знакамітага польскага рэжысёра Анджэя Вайды. Не выключана, што пільныя супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разам з прадстаўнікамі міліцыі і аддзела ідэалогіі абвесцяць, што будынак, дзе адбываецца прагляд, замінаваны.

 

Даведка РР:

 

На працягу мінулага года гродзенскі Рух “За Свабоду” зарганізаваў і правёў шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх адкрытыя публічныя дыскусіі, канцэрты і круглыя сталы, прысвечаныя розным пытанням грамадска-палітычнага жыцця краіны і гістарычным падзеям. Амаль на ўсіх мерапрыемствах прысутнічалі прадстаўнікі ідэалагічнага аддзела гарвыканкама, якія пільна сачылі за ўсім, што адбываецца.

 

 

Глядзіце таксама артыкул на Еўрарадыё


Радыё Рацыя

Усе навіны