Дэмакраты - за свабодныя выбары
Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне рабочай групы па пытаньнях удасканаленьня выбарчага працэсу ў Беларусі. У склад рабочай групы ўваходзяць юрысты й грамадзкія дзеячы, якія з уласнага досьведу ведаюць, як адбываюцца выбары ў Беларусі. Спатканьне рабочай групы зьяўляецца працягам круглага столу, які прайшоў з ініцыятывы руху “За Свабоду” некаторы час таму. Тады сябры руху “За Свабоду”, палітычных партыяў і праваабарончых арганізацыяў абмяркоўвалі, якім чынам дабіцца ад уладаў правядзеньня справядлівых і празрыстых выбараў у Палату прадстаўнікоў. Для выпрацоўкі канкрэтных прапановаў і была створаная рабочая група.
Аб напрамках дзеяньняў, якія абрала сабе рабочая група, нам расказвае сябра руху “За Свабоду” Віктар Карніенка.
В. Карніенка: Сёньня ў рабочай групе былі разьмеркаваныя абавязкі, і мы прыступілі да працы па чатырох накірунках: першы - дэмакратычнае фармаваньне выбарчых камісіяў; другі - барацьба за тое, каб назіральнікі сапраўды маглі кантраляваць выбарчы працэс, а не выконвалі ролю дэкарацыяў; трэці - магчымасьць весьці нармальную агітацыйную кампанію. Чацьверты кірунак датычыцца падліку галасоў, які павінны весьціся сябрамі камісіі, а не яе старшынём, як гэта здараецца ў Беларусі. Па гэтых чатырох кірунках да 21 лютага павінныя быць выпрацаваныя канкрэтныя дакумэнты.
Рабочая група па ўдасканаленьню выбарчага працэсу, якая была створаная дэмакратычнымі сіламі, мяркуе вылучыць шэраг прапановаў і накіраваць іх у цэнтрвыбаркам. Аднак сябры рабочай групы зьбіраюцца зьвяртацца ня столькі да ўладаў ці міжнароднай супольнасьці, колькі да беларускіх грамадзянаў.
В. Карніенка: Мы наўрад ці зможам дамагчыся зьмены практыкі прымяненьня выбарчага заканадаўства. Не для таго ўлады дзесяцігодзьдзе стваралі гэтую сыстэму, каб яе мяняць. Апеляваць мы будзем галоўным чынам не да міжнароднай супольнасьці, а да беларускага грамадзтва. Вельмі шмат людзей у краіне ня ведаюць, якім чынам у нас адбываюцца выбары. Растлумачўшы людзям, як адбываюцца фальсыфікацыі, мы мяркуем схіліць грамадзкую думку на наш бок. Калі мы ня зможам дабіцца зьменаў ў заканадаўстве, зьмена грамадзкай думкі на карысьць дэмакратычных сілаў ужо будзе вялікім дасягненьнем.
Свае патрабаваньні дзяржаўным ўладам сябры рабочай групы намераныя выслаць непасрэдна ў дзяржаўныя ворганы, адказныя за правядзеньне выбараў, а таксама апублікаваць іх у прэсе.
Парады грамадзянам, якія хочуць абараніць сваё канстытуцыйнае права да выбару ўладаў, сябры рабочай групы зьбіраюцца данесьці да грамадзтва празь недзяржаўныя газэты, радыё, а таксама ўлёткі ды брашуры.
Аляксандар Папко
Польскае Радыё
Усе навіны


