Мілінкевіч каментуе папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы.
У Крымінальным кодэксе можа з'явіцца новы артыкул — “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Нежаданнем паўтарыць у Беларусі каляровыя рэвалюцыі патлумачыў неабходнасць зменаў заканадаўства, якое тычыцца грамадзянскай бяспекі, старшыня КДБ Беларусі Сцяпан Сухарэнка, які 25 лістапада прадставіў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў гэты дакумент.
Старшыня КДБ прапанаваў дэпутатам увесці ў Крымінальны кодэкс палажэнне аб крымінальнай адказнасці за зварот да іншаземнай дзяржавы з заклікам гвалтоўнага ўмяшальніцтва альбо эканамічнай блакады. Прапанавана таксама дапоўніць Крымінальны кодэкс Беларусі новым артыкулам 369-1: “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Спадар Сухарэнка сказаў, што да такога артыкулу ніякі каментар не патрэбны. Але ж новы артыкул прадугледжвае арышт на тэрмін да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі да 2 гадоў.
“Гэта завяршальны этап падрыхтоўкі рэжыма да выбараў. Сёння ўлада ўжо не можа апанаваць людскія настроі, расказваючы пра нібы поспехі з экранаў тэлевізараў. Рэжым разумее, і сённяшнія падзеі на мотавелазаводзе гэта паказалі, прыніжэння людзі больш цярпець не будуць і гатовыя абараняць свае правы на вуліцы. Таму і прымаюцца папраўкі ва ўжо і без гэтага рэпрэсіўны Крымінальны кодэкс. Мэта паправак адна – як лягчэй і прасцей пакараць, засадзіць за краты чалавека, які публічна выказвае нязгоду з палітыкай кіраўніка дзяржавы”, - заявіў лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі, прэтэндэнт на прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы прыняцце “палатай прадстаўнікоў” паправак у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы.
milinkevich.org
Усе навіны


