Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Чарнобыльскі шлях правядзе А. Мілінкевіч

01/04/2008

27 сакавіка прэзыдыюм Аб’яднаных дэмакратычных сілаў прыняў рашэньне аб стварэньні арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы да Чарнобыльскага шляху. Старшынём аргкамітэту быў абраны кіраўнік Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

 

Падчас шэсьця, прысьвечанага гадавіне чарнобыльскай трагедыі, дэмакратычныя сілы намераныя зьвярнуць увагу ўладаў на тры праблемы: адмену льготаў ахвярам катастрофы й ліквідатарам, вырошчваньне сельскагаспадарчай прадукцыі на забруджаных землях і прымусовае разьмеркаваньне ў Чарнобыльскую зону маладых спэцыялістаў, а таксама будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

 

Да сёньняшняга дня беларускія грамадзяне ня маюць поўнай інфармацыі аб наступствах катастрофы. Таму Чарнобыльскі шлях не згубіў сваёй актуальнасьці – лічыць Аляксандар Мілінкевіч.

 

А. Мілінкевіч: Улады зрабілі дзяржаўную таямніцу з таго, што адбываецца ў Чарнобыльскай зоне. Людзей пераконваюць у тым, што там можна жыць, а захворваньні тым часам павялічваюццца, забруджанае харчаваньне распаўсюджваецца па краіне, а “чарнобыльцаў” пазбавілі сацыяльнай падтымкі. Мы хочам таксама выступіць супраць будаўніцтва АЭС ва ўмовах сакрэтнасьці. Будаўніцтва не папярэджана грамадзкай дыскусіяй, тэндэрам – усё гэта можа павялічыць небясьпеку страты незалежнасьці, небясьпеку экалягічнай катастрофы.

 

Лідэр Руху “За Свабоду” зараз знаходзіцца на Гомельшчыне. Падчас свайго падарожжа ён наведае раёны, пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы.

 

А. Мілінкевіч: Я нязгодны зь меркаваньнем, што насельніцтва забруджаных тэрыторыяў падтрымлівае ўладу. Я ня раз быў у Чарнобыльскай зоне, ведаю настрой грамадзтва. Паўсюдна пануе апатыя, людзі расчараваныя й ні ў што ня вераць. Тое, што ў гэтых рэгіёнах будуюцца прыгожыя аграгарадкі, яшчэ ні аб чым ня сьведчыць. У людзей застаецца шмат нявырашаных праблемаў, перш за ўсё зьвязаных са здароўем. Барацьба з наступствамі Чарнобылю павінна пачынацца з адкрыцьця ўсёй інфармацыі – людзі павінны ведаць, што адбываецца ў забруджаных рэгіёнах. Бяз гэтага вырашэньне праблемаў Чарнобылю не надыдзе ніколі.

 

Чарнобыльская катастрофа – трагічная дата ў гісторыі Беларусі. Аварыя забрала здароўе тысячам людзей і нанесла краіне непапраўныя эканамічныя страты. Таму дзень 26 красавіка павінен быць днём нацыянальнай жалобы й адзначацца на самым высокім узроўні – лічыць эколяг Юрась Меляшкевіч. Асноўнай “чарнобыльскай” праблемай, якая нясе пагрозу здароўю беларусаў, эколяг назваў неабдуманую дзяржаўную палітыку па ўключэньні забруджаных тэрыторыяў у гаспадарчае жыцьцё краіны.

 

Ю. Меляшкевіч: Нядаўна Савет міністраў зацьвердзіў плян разьвіцьця вытворчасьці на забруджаных тэрыторыях. У гэтым пляне пазначана шмат прадпрыемстваў, якія павінны перапрацоўваць сельскагаспадарчую сыравіну. Я перакананы, што такія праграмы акрамя дзяржаўных чыноўнікаў павінна вельмі пільна разглядаць грамадзтва. Грамадзтва павінна ўдзельнічаць у прыняцьці падобных рашэньняў, тым больш, што нам вядомая пазыцыя беларускіх навукоўцаў, якія кажуць, што тэхналёгіі вытворчасьці ў Беларусі, на жаль, не дасягнулі такога ўзроўню, каб на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях магла быць атрыманая чыстая прадукцыя.

 

Першае паседжаньне арганізацыйнага камітэту па правядзеньні Чарнобыльскага шляху адбудзецца 31 сакавіка.

 

Аляксандар Папко


Польскае радыё

Усе навіны