Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

В. Карняенка: "Няхай улада пакажа сваё сапраўднае аблічча"

01/04/2008

Дэмакратычныя сілы Беларусі падрыхтавалі шэраг прапановаў, якія павінны паспрыяць дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Перш за ўсё гэта зварот да Цэнтральнай выбарчай камісіі, каб замацаваць у заканадаўстве прынамсі мінімальныя гарантыі на ўдзел у выбарчых камісіях для ўсіх палітычных партый.

 

Закон аб выбарах у Беларусі нельга назваць дасканалым, але калі б улады прытрымліваліся існуючых нормаў, гэтага было б дастаткова - гаворыць намесьнік старшыні Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Віктар Карняенка.

 

В. Карняенка: Фактычна мы адмовіліся ад зьмен у заканадаўстве, а ў гэтых прапановах патрабуем выкананьня нормаў, якія ёсьць у Беларусі й павінны дзейнічаць. ЦВК прымае пастановы, у якіх тлумачыць нормы законаў.

 

Нашы прапановы тычацца працэсу фармаваньня выбарчых камісіў, каб палітычныя партыі мелі ня толькі права мець у іх сваіх прадстаўнікоў, але й гарантыю на гэта. Другое тычыцца працэдур вылучэньня назіральнікаў і забесьпячэньня ім магчымасьцяў сапраўды бачыць працэс галасаваньня, а ня толькі дэкарацыйную функцыю. Трэцяе - працэдура падліку галасоў, каб яна была адкрытая. І чацьвёртая прапанова - магчымасьць правядзеньня агітацыйных кампаній у розных месцах. Мы таксама прапануем, каб усе члены выбарчых камісій маглі кантраляваць выбарчы працэс, а ня толькі старшыня й сакратар.

 

Калі б заклік не падзейнічаў, апазыцыйныя партыі падрыхтавалі інструмэнты націску на ўлады. Але, апрача звароту да Цэнтральнай выбарчай камісіі, чальцы АДС кладуць націск на працу з выбаршчыкамі Беларусі. Неабходна ўсьведаміць ім, што патрабаваньні апазыцыі рэальныя, і не нясуць пагрозы звычайным людзям. Неабходна тлумачыць выбаршчыкам, у чым заключаецца плюралізм галасаваньня.

 

В. Карняенка: Мы хочам пераканаць іх, што нашы прапановы - натуральныя, і мусяць быць прынятыя, калі ўлада хоча арганізаваць справядлівыя выбары. Копіі дакумэнтаў мы таксама накіруем у амбасады краін Рады Эўропы. Беларусь хоча стаць сябрам Рады Эўропы, дэмакратычныя сілы таксама ў гэтым зацікаўленыя. Чаму б нам не папрацаваць дзеля гэтага? Няхай улада пакажа сваё сапраўднае аблічча. Дакумэнты будуць накіраваныя ў іншыя аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, напрыклад, АБСЭ.

 

Падрыхтоўка прапановаў для Цэнтральнай выбарчай камісіі - гэта чарговы этап шырэйшай кампаніі "За свабодныя выбары". Першым крокам апазыцыі была падрыхтоўка адзінага сьпісу кандыдатаў ад усіх дэрмакратычных сілаў - нагадвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

 

А. Лябедзька: Па ўсіх 110 акругах ёсьць вызначаныя кандыдаты ў дэпутаты ад АДС. Цяпер ідзе праца над агульным пасланьнем, зь якім пойдуць кандыдаты ў дэпутаты на выбары. Вельмі важна прапанаваць пазытыўную альтэрнатуву для Беларусі выбаршчыкам. Неўзабаве падрыхтуем сьпіс людзей у выбарчыя камісіі. Неабходна ўзгодніць гэты сьпіс, каб ва ўсіх акругах такія асобы былі вылучаны. Гэта індыкатар для беларускіх уладаў, наколькі яны здольныя пайсьці на перамены й зладзіць сапраўдныя выбары, а не імітацыю.

 

Выбары ў беларускі парлямэнт павінны адбыцца восеньню гэтага году. Дата яшчэ ня вызначаная.


Польскае радыё

Усе навіны