АЭС павінна стаць галоўнай тэмай "Чарнобыльскага маршу"
У Менску сабраліся арганізатары сёлетняга “Чарнобыльскага маршу”. Удзельнікі паседжаньня аргамітэту па падрыхтоўцы мерыпрыемства вырашылі, што перш за ўсё неабходна распачаць публічнае абмеркаваньне пабудовы беларускай атрамнай электрастанцыі.
АЭС павінна стаць галоўнай тэмай маршу. Апрача гэтага, неабходна ўзьняць пытаньне адмены льготаў чарнобыльцам, а сам марш павінен стаць пачаткам кампаніі за захаваньне здароўя нацыі. Пра зьмест дыскусіі падчас паседжаньня чальцоў аргкамітэту гаворыць Віктар Карняенка, намесьнік старшыні Руху "За свабоду".
В. Карняенка: Новае - гэта добра забытае старое. І таму на аргкамітэце прынялі рашэньне вярнуцца да сцэнару першага маршу, які прайшоў у 1989 годзе ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці. Абмеркавалі мы таксама, пад якімі лёзунгамі мерапрыемства павінна праходзіць. Тут тры найбольш балючыя тэмы: будаўніцтва атамнай электрастанцыі без належнай экспэртызы, без грамадзкага кантролю. Другое - стан аховы здароўя ў Беларусі, і тут вельмі істотныя наступствы Чарнобыля. І трэцяе - адмена сацыяльных гарантый пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, у першую чаргу для ліквідатараў.
Не згаджаецца зь меркаваньнем пра адмену льготаў чарнобыльцам Станіслаў Шушкевіч, былы спікер Вярхоўнага савету, прафэсар ядзернай фізыкі.
С. Шушкевіч: Бяда ня ў тым, што дапамагаюць чарнобыльцам дрэнна. Дапамагаюць так, як дазваляе эканоміка. А дрэнна з эканомікай. Таму тут трэба змагацца не за нейкія карэкцыі ў дапамозе чарнобыльцам, а за нармальную эканоміку. Рабіць “Чарнобыльскі шлях” пад эканамічнымі лёзунгамі нелягічна.
На думку намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, вельмі важным зьяўляецца ідэалягічны зьмест сёлетняга маршу. А якая прапанова партыі па гэтым зьмесьце?
А. Янукевіч: Наша прапанова па гэтым зьмесьце: Не расейскай АЭС у Беларусі. Пытаньні наступстваў Чарнобыля й будаўніцтва новай АЭС моцна зьвязаныя. Экспэрты, з якімі працуе Партыя БНФ, маюць паважныя аргумэнты як за будаўніцтва АЭС у Беларусі, так і супраць. Але ўсе яны згодныя, што недапушчальна, каб расейская АЭС была пабудаваная ў Беларусі. Усе пытаньні, зьвязаныя з будаўніцтвам АЭС, вельмі моцна закрытыя. Нягледзячы на тое, што публічна яшчэ не абвешчана, хто будзе будаваць АЭС, па розных ускосных фактарах, кошце будаўніцтва рэактара, які быў агучаны, можна меркаваць, што рэактар замовяць у Расеі. Калі гэта будзе расейскі рэактар і расейская сыравіна, гэта яшчэ больш прывяжа РБ да Расеі ў пляне энэргетычнай залежнасьці.
Мы хочам пачаць грамадзкае абмеркаваньне гэтага пытаньня. Недастаткова, каб, скажам, Партыя БНФ абмяркоўвала зь зялёнымі, і недапушчальны той фармат, які прапануе нам Палата прадстаўнікоў, кажучы - прыносьце свае прапановы, мы іх разгледзім. Гэта ня ёсьць абмеркаваньне. Гэта павінна быць публічнае абмеркаваньне, калі, напрыклад, запрашаюць нашых экспэртаў, і даюць ім у прамым эфіры абмяркоўваць зь іншымі экспэртамі. Важна, каб улада распачала гэтую дыскусію з грамадзтвам.
І зноў жа ў палеміку з Аляксеям Янукевічам уступае Станіслаў Шушкевіч. На ягоную думку, “Чарнобыльскі марш” трэба ладзіць у зусім іншым фармаце.
С. Шушкевіч: Маё разуменьне чарнобыльскай праблемы не такое, як у эмацыянальных колах. Сьветлай будучыні ў тых, хто ня будзе займацца ядзернай энэргетыкай, таксама няма. І трэба не забараняць, а будаваць добрую станцыю. А пакуль што яшчэ нявадома, хто будзе будаваць станцыю. Супраць чаго заўчасна пратэставаць? Такое рашэньне яшчэ не прынятае.
Я ня бачу той арыентацыі, якая магла б мяне захапіць. Калі на марш выходзілі мастакі, як на малебен, несьлі ікону Божай мацяры - гэта быў амаль рэлігійны фэст - гэта іншае.
Станіслаў Шушкевіч не прымае ўдзелу ў падрыхтоўцы сёлетняга маршу. А на паседжаньні аргкамітэту прынята рашэньне прызначыць збор удзельнікаў мерапрыемства на гадзіну 14.00 26 красавіка каля Акадэміі навук. Шэсьце плянуецца правесьці па галоўнаму праспэкту да плошчы Незалежнасьці.
Заяўку ў Менгарвыканкам падпіша лідэр Руху "За свабоду" А. Мілінкевіч, а таксама прадстаўнікі партыі БНФ, АГП, БСДП(Г) і грамадзкіх арганізацый.
Натальля Грышкевіч
Польскае радыё
Усе навіны


