Еўрапарламент падтрымлівае кожнага з беларусаў, што мірна змагаюцца за свабоду і дэмакратыю
Пра гэта заявіў старшыня Еўрапарламенту Ханс-Гэрт Потэрынг падчас сённяшняга выступу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе. Прыкладам такога змагання ён назваў дзейнасць Аляксандра Мілінкевіча.
У ЕГУ старшыня Еўрапейскага парламенту Ханс-Гэрт Потэрынг завітаў у рамках двухдзённага афіцыйнага візыту ў Літоўскую Рэспубліку. Падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэту Потэрынг абмеркаваў ролю Еўрапейскага парламенту ў развіцці дыялогу паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Таксама размова ішла пра значэнне гуманітарных навук у працэсе трансфармацыі посткамуністычных дзяржаваў.
Выступ спікера Еўрапарламенту ў ЕГУ стаў лагічным працягам ягонай прамовы на адмысловым паседжанні Сейму Літоўскай Рэспублікі, падчас якога еўрапейскія палітыкі абмяркоўвалі праект закону “Пра ратыфікацыю Лісабонскай дамовы”. Гэты дакумент, у прыватнасці, часткова змяняе дамову пра стварэнне Еўрапейскай супольнасці. Падчас наведвання Сейму Х.-Г. Потэрынг сустрэўся са старшынём Літоўскага парламенту Чэславасам Юршэнасам і прадстаўнікамі палітычных фракцый Літвы.
racyja.com
Усе навіны


