У Гданьску абмяркуюць беларускае пытанне
У межах сустрэчы “Еўрапейскія шляхі да свабоды” лідэраў арганізацыі “Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты” (European Democrat Students), што праходзіць у Гданьску 23-27 красавіка, будзе разгледжана і беларускае пытанне.
Сёння у Гданьску распачынаецца канферэнцыя “Польша – 1989, Нямеччына – 1990, Беларусь - ?”. Удзел у мерапрыемстве бяруць маршалак Сенату Рэспублікі Польшча Богдан Барусевіч, віцэ-старшыня камісіі Сейма Польшчы па міжнароднай палітыцы Роберт Тышкевіч, дырэктар фонду Цэнтр Салідарнасці Ежы Бароўчак, сябар Рады Цэнтра міжнародных стасункаў Казімір Вайціцкі і прадстаўнік руху “За Свабоду” Павел Мажэйка.
– Сутнасць майго выступу на канферэнцыі лідэраў маладзёвых права-цэнтрысцкіх арганізацый: “Еўропа – ты можаш больш. Нічога пра нас без нас – гэта ідэальны прынцып узаемаадносін ЕС і беларускай апазіцыі”, - распавёў Рацыі Павел Мажэйка. - Лічу істотным , што ў канференцыі ўдзельнічаюць персоны, якія ствараюць грамадскую думку Польшчы і маюць уплыў на фармаванне ўсходняй палітыкі. Таму перад сабой я бачу простую задачу – паказаць актуальную сітуацыю на Беларусі, на якую, безумоўна, паўплываюць апошнія прысуды ўдзельнікам масавых акцый. А таксама высунуць прапановы, якія, на маю думку, могуць дапамагчы еўрапейскім структурам і дэмакратычным сілам на Беларусі павялічыць уплыў на сітуацыю ў нашай краіне.
Сустрэчу каля 60 лідэраў арганізацый ЕДС у Гданьску арганізавала таварыства “Маладыя кансерватары” супольна з Фондам імя Конрада Адэнаўэра ў Польшчы, партыяй “Грамадзянская Платформа” ды супольнасцю “Гданьскі Фонд”.
Сярод дакладчыкаў – былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса і старшыня камісіі замежных спраў Сейма Польшчы Кшыштаф Лісэк.
“Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты” - найбуйнейшая ў Еўропе студэнцкая арганізацыя. Яна заснавана ў 1961 годзе прадстаўнікамі ўніверсітэтаў Заходняй Еўропы. На сённяшні дзень арганізацыя налічвае больш за 400 тысяч студэнтаў з 30 краін Еўропы, у тым ліку Беларусі.
Радыё Рацыя
Усе навіны


