Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Аляксандр Мiлiнкевiч: Беларусь павінна быць незалежнай, свабоднай, справядлівай краінай, дзе пануе закон

25/04/2008

З тых часоў, калі на апазіцыйным палітычным небасхіле з'явіўся былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч, сплыло нямала вады. Шмат гучных заяў зроблена ім за гэтыя гады. І ўсе як быццам правільныя, слушныя. Напрыклад, нельга было не звярнуць увагу на такое яго выказванне: "Сёння трэба стратэгія дзейснай барацьбы, а не яе імітацыі…"


Днямі рэдакцыя газеты "Народная воля" вырашыла звярнуцца да аўтара гэтых не столькі красамоўных, колькі прынцыповых слоў і спытаць:


— Спадар Мілінкевіч, а ў чым сёння выяўляецца ваша асабістая стратэгія дзейснай барацьбы? Толькі, калі ласка, як мага больш канкрэтна…


— Раней апазіцыя, у пераважнай большасці, дзейнічала галоўным чынам "ад выбараў да выбараў". Нашы намаганні накіраваны на стварэнне шырокай сеткі дэмакратычных арганізацый, суполак, якія стала працуюць з грамадзянамі.


Мы стварылі арганізацыйны падмурак для сталай дзейнасці. Мы аб'яднаны вакол зразумелых і блізкіх значнай колькасці грамадзян ідэй свабоды, незалежнасці, нацыянальнага адраджэння і еўрапейскай інтэграцыі. Працы хопіць усім і няхай кожны робіць тое, што можа рабіць лепей.


Пашыраецца кола грамадзян, якія маюць доступ да непадкантрольных аўтарытарнай уладзе крыніц інфармацыі і мы дбаем пра тое, каб у гэтых крыніцах былі прадстаўлены нашы думкі і нашы ідэі. Кожны, хто хоча зрабіць унёсак у набліжэнне часу свабоды, мае магчымасць далучыцца да нашай дзейнасці, знайсці сяброў і аднадумцаў у сваім горадзе, мястэчку і дзейнічаць. Вынік нашай працы — гэта і тое, што голас міжнароднай супольнасці ў падтрымку дэмакратычных перамен у Беларусі становіцца ўсё больш гучным.


Супраціўнікі свабоды, "вінцікі" рэжыму, ужо змаглі пераканацца, што мы імкнёмся бараніць кожнага пацярпелага за свае меркаванні, за сваю прагу да лепшай, свабоднай Беларусі.


— Па логіцы, стратэгія дзейснай барацьбы павінна даваць станоўчыя вынікі. Не маглі б сказаць, дзе яны, у чым канкрэтна выяўляюцца?


— Па той жа логіцы, у кожнай цывілізаванай краіне мусіць кіраваць Асноўны закон... А ў нас чамусьці — дэкрэт… А незалежныя газеты, кожная з якіх таксама мае сваю дзейсную стратэгію на медыйным рынку, мусілі б стала пашыраць кола сваіх чытачоў…


Агульнавядома, што дыктатура грунтуецца на страху і дэзінфармацыі. Мы з гэтага зыходзім. Вынікі маёй дзейнасці ў тым, што я за 2007 год накруціў па Беларусі больш за 35 000 км, сустракаючыся з людзьмі ў гарадах і мястэчках, афішуючы і не афішуючы. Я браў на сябе адказнасць за Дзень Волі-2007 і 2008 і за "Еўрапейскі марш", у гэтым годзе адказваю за "Чарнобыльскі Шлях".


Нам удалося стварыць эфектыўную сістэму салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Больш за 400 студэнтаў, выкінутых з універсітэтаў за "палітыку", атрымалі магчымасць працягнуць навучанне ў Польшчы, Украіне, Літве, Эстоніі, Чэхіі, Румыніі, Францыі. Аказана адрасная падтрымка сотням палітвязняў і іх сем'ям, беспрацоўным актывістам.


Вынікам маіх сустрэч з кіраўнікамі краін ЕС і ЗША ёсць сталае заангажаванне на карысць дэмакратычных перамен на Беларусі і цвёрдая падтрымка нашай незалежнасці дэмакратычным светам. Напрацаваныя кантакты на вышэйшым дзяржаўным узроўні дапамогуць нам у будучым правесці неабходныя пераўтварэнні і мадэрнізаваць гаспадарку.


— І ўсё ж некаторыя людзі лічаць, што ўся ваша дзейнасць зводзіцца да імітацыі барацьбы…


— У нашай сітуацыі ёсць адзін суддзя - гэта беларускі народ, як бы пафасна гэта ні гучала. І калі я сваёй дзейнасцю, існаваннем, тым, што працягваю актыўна працаваць, ламаю нейкім палітыкам планы і прымушаю іх працаваць, я ім хачу нагадаць, што я раблю гэта дзеля нашай агульнай мэты — Беларусь павінна быць незалежнай, свабоднай, справядлівай краінай, дзе пануе закон.


— Сустракаючыся з замежнымі палітыкамі, вы даволі часта падкрэсліваеце, што тэлекал "Белсат" павінен атрымаць добрае фінансаванне. Некаторыя кажуць: які сэнс сёння выпрошваць грошы на тэлеканал, які ў Беларусі глядзяць адзінкі?


— Выпрошваць — няўдалае слова, прашу больш не ўжываць яго побач з маім імем. Я пераконваю ў тым, што беларусы павінны мець якаснае незалежнае тэлебачанне, якое будзе рабіцца прафесіяналамі і паказваць тую рэчаіснасць, якую старанна хавае ўлада. Я падтрымліваю "Белсат", бо лічыў і лічу, што Беларусі патрэбнае ТБ. Вельмі спадзяюся, што з меркаваным пераходам на "Сірыус" канал значна павялічыць колькасць гледачоў. Адносна якасці перадач — давайце дадзім рэдакцыі год, і потым аб"ектыўна ацэнім працу тэлеканала.


— Вы публічна падпісаліся на газету "Прессбол", якую пазбавілі акрэдытацыі на Алімпіяду. Чаму вашага прозвішча няма сярод падпісчыкаў "Народнай волі"?


— Я адгукнуўся на заклік рэдакцыі "Прессбола" падтрымаць іх газету. Бо таксама лічу, што ўлада зрабіла чарговую памылку, пазбаўляючы папулярнае выданне акрэдытацыі на Алімпіядзе. Спадзяюся, што маё рашэнне паўплывала на салідарнасць чытачоў, спартсменаў і пашырыла іх пратэст супраць бязглуздага рашэння чыноўнікаў.


"Народную волю" праглядваю амаль штонумар. Але я ў значнай ступені згубіў цікавасць да вашай газеты. Яна перастала быць аб'ектыўнай, у ёй зашмат заказных матэрыялаў. "Народная воля" сёння ўжо не столькі інфармацыйная крыніца, колькі дэмакратычны прапагандыст песімізму. Безумоўна, велізарнае дасягненне рэдактарскага калектыву ў тым, што газета, нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўлады, працягвае выходзіць.


Не ўсе незалежныя газеты належным чынам выконваюць сваю ролю па аб'ектыўным інфармаванні людзей. Роля газет — інфармаваць людзей, падаваць розныя думкі. Частцы нашых газет бракуе аб'ектыўнасці, яны таксама падзяліліся паводле сваіх палітычных прыхільнасцяў.


— Ці маеце намер прымаць удзел у парламенцкіх выбарах?


— Перад мной больш шырокія задачы. Я ўжо заявіў аб тым, што буду ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Што тычыцца парламенцкай кампаніі, я буду даверанай асобай шматлікіх кандыдатаў ад аб'яднаных дэмакратычных сіл з усіх рэгіёнаў краіны. Разам з імі буду збіраць подпісы, ладзіць пікеты, выступаць на сходах. Я так працаваў у час мясцовых выбараў у 44 гарадах. Сёння гэта найбольш эфектыўнае выкарыстанне майго патэнцыялу і падрыхтоўка да прэзідэнцкай кампаніі.


— Да выбараў ужо застаецца не так шмат часу. Як думаеце, у прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці ёсць шанцы трапіць у Палату прадстаўнікоў?


— У Беларусі няма выбараў. І калі ўвосень яны пройдуць па старой завядзёнцы, то толькі ўлада можа сваім рашэннем прызначыць некалькі "штатных дэмакратаў" у Палату. Навошта ёй гэта рабіць? Напрыклад, каб спадабацца Еўрасаюзу. Трапіць самім ва ўладу незалежным кандыдатам будзе магчыма толькі тады, калі ў выніку нашай паспяховай кампаніі "За свабодныя выбары" зменіцца практыка іх правядзення.


— Дагэтуль не ўнесены змяненні ў Выбарчае заканадаўства. Ці варта ізноў гуляць па правілах дзеючай улады, марна траціць грошы?


— Дэмакраты выйгравалі выбары і пры горшым заканадаўстве ў 1989-м і 1990 годзе. Але тады ў камісіях былі нашы прадстаўнікі, не было такіх нахабных фальсіфікацый, ініцыятыўныя групы кандыдатаў не пераследаваліся, можна было без перашкод сустракацца на вуліцах, у дварах, на прадпрыемствах. Наш удзел у выбарах не зробіць іх легітымнымі. Калі не пайсці да людзей, то яны збольшага і не даведаюцца, што іх падманваюць, і што ёсць альтэрнатыва існуючаму курсу. Крытыка з канапы нам мала цікавая.

 

Марына КОКТЫШ

 

АД РЭДАКЦЫІ


Шчыра кажучы, мы спачатку хацелі зрабіць падрабязны каментарый да інтэрв'ю спадара Мілінкевіча. Але потым вырашылі: не справа газеты станавіцца ў позу суддзі. Чытачы ведаюць не менш нас, журналістаў, таму і прапануем ім выказацца па закранутых пытаннях. Скажам толькі: за ўвесь час знаходжання ў апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч усяго аднойчы, на 10—15 хвілін, завітаў у рэдакцыю "Народнай волі". І то па настойлівай просьбе галоўнага рэдактара. Заўважым, сярод нашых падпісчыкаў прозвішча Мілінкевіча не значыцца. Як і яго жонкі Іны Кулей. Знаёмяцца з матэрыяламі на сайце? Дык сайт у нас з'явіўся зусім нядаўна. Таму абсалютна незразумела, як спадар Мілінкевіч можа гаварыць пра тое, што "яна ("Народная воля") перастала быць аб'ектыўнай, у ёй зашмат заказных матэрыялаў. "Народная воля" сёння ўжо не столькі інфармацыйная крыніца, колькі дэмакратычны прапагандыст песімізму".


Упэўнены: чытачам будзе што сказаць наконт інтэрв’ю спадара Мілінкевіча, якое ён даў, запатрабаваўшы пытанні ў пісьмовым выглядзе…


Народная Воля

Усе навіны