Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Аляксандр Мілінкевіч: Вельмі важна сканцэнтраваць увагу Францыі на праблемах Беларусі і Усходняй Еўропы

08/05/2008

Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей знаходзяцца з візітам у Францыі. Цягам свайго візіту Мілінкевіч правёў некалькі сустрэчаў з французкімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі ды журналістамі. 8 траўня Мілінкевіч і Кулей прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Перамогі ў Другой Сусветнай вайне. У інтэрв'ю Рацыі беларускі палітык распавёў пра мэты візіту і спадзяванні ад паездкі.


- Галоўная мэта гэтага візіту: актывізаваць пазіцыю Францыі і канкрэтызаваць дзейнасць Еўрасаюзу на Беларусі. Францыя з 1 ліпеня будзе прэзідэнцтваваць у ЕС і, безумоўна, ад актыўнасці гэтай краіны, ад яе пазіцыі, ад яе ініцыятывы многае будзе залежаць. Сёння ўсё ж такі актыўнасць Францыі абмяжоўваецца рэгіёнам Міжземнага мора і краінаў Магрыба, але традыцыйна Францыя адстойвала правы чалавека. У Францыі ёсць выдатныя традыцыі, менавіта пра гэта гаворыцца на сустрэчах тут. Я лічу, што вельмі важна, каб Еўрасаюз меў прапановы і для ўлады, і для грамадзянскай супольнасці на Беларусі. Для ўлады, нягледзячы на падзеі, якія адбыліся ў сакавіку, я лічу, усё роўна трэба працягваць дыялог. Але гэты дыялог на падставе 12-ці ўмоваў Еўракамісіі павінен быць вельмі моцна канкрэтызаваны. Я веру ў тое, што надзвычай важна сёння беларускае грамадства і нават уладу ўсё больш прыцягваць да супрацы з Еўропай. Перш за ўсё эканамічнага, бо сітуацыя ў гаспадарцы вельмі дрэнная, нягледзячы на прапагандысцкія размовы, і Беларусь можа чакаць за пару гадоў крызіс. Таму я лічу, што супрацоўніцтва з Захадам, гэта абарона перш за ўсё беларускай незалежнасці. А што тычыцца грамадзянскай супольнасці, то па-ранейшаму, на маю думку, трэба падтрымліваць незалежныя беларускія СМІ. Гэта існуючыя газеты, гэта малыя бюлетэньчыкі, Інтэрнэт. Гэта радыёстанцыі, якія працуюць з-за мяжы - Радыё Рацыя, Белсат і іншыя. І трэба выкарыстоўваць усе магчымасці. Трэба падтрымліваць грамадскія арганізацыі, бараніць рэпрэсаваных. Гэта прыкладны спектр размоваў, якія мы вядзем.


- Вы гаварылі пра патрэбы, пра тое, чаго чакае дэмакратычная грамадскасць Беларусі ад Захаду. Вы ўжо сустрэліся з міністрам замежных спраў Бернарам Кушнерам, з кім яшчэ Вы сустракаліся і плануеце сустрэцца падчас вашага візіту ў Францыю.


- У мяне была вельмі важная сустрэча ў Сенаце з адным з найбольш вядомых палітыкаў Францыі Жанам Перам Рафарэнам, гэты чалавек доўгі час быў прэм'ер-міністрам, гэта вельмі ўплывовая асоба. Ён кіруе Народнай партыяй у Францыі, якая пры ўладзе, і ён, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб вырашаць праблемы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Вельмі ўважлівая размова была, і, думаю, ён будзе прыхільнікам большай актыўнасці Францыі на Усходзе. Акрамя таго, была арганізаваная канферэнцыя і дэбаты з маім удзелам у Каталіцкім Інстытуце ў Парыжы, на якой былі эксперты, дыпламаты, навукоўцы. І доўгая размова пра Беларусь з адказамі на пытанні. І гэта паказала, што вельмі вялікая цікавасць у Францыі да Беларусі.


Сёння Францыя святкуе перамогу над фашызмам, запланавана ўрачыстая цырымонія каля Трыўмфальнай аркі. Я маю гонар з маёй жонкай Інай Кулей быць запрошаным ва ўрадавую ложу на гэтую цырымонію.


- Якія водгукі, нейкія канкрэтныя абяцанні дапамагчы беларускай дэмакратычнай грамадскасці з боку французаў?


- На палітычных сустрэчах высокага ўзроўню канкрэтныя рэчы, хутчэй за ўсё, не абгаворваюцца. Прымаецца проста палітычнае рашэнне. А выкананне гэтых рашэнняў, гэта ўжо службы, гэта Міністэрства замежных спраў, гэта службы прэзідэнта, грамадскія арганізацыі і партыі, яны могуць вельмі многа зрабіць. Таму вельмі важна сканцэнтраваць увагу Францыі на праблемах Беларусі і Усходняй Еўропы. Я думаю, што калі гэта адбудзецца, то і канкрэтныя рашэнні будуць.


- Як паведаміла Ваша прэс-служба, сёння Еўракамісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер у лісце на Вашае імя выказала “глыбокае расчараванне” апошнімі падзеямі ў Беларусі, занепакоенасць працягам палітычна матываваных арыштаў і пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.


- Лічу, вельмі важным, што ёсць аператыўная рэакцыя на тое, што адбываецца. Самае важнае для нас, каб была салідарнасць паміж краінамі Еўрасаюзу адносна Беларусі. Пакуль што ёсць з гэтым праблемы. Не ўсе аднолькава разумеюць. Пазіцыя ЗША таксама значна адрозніваецца. Я думаю, што гэта можа ёсць самае галоўнае — гарманізацыя высілкаў. І калі мы гэтага даможамся, эфект будзе значна большы.


Візіт Аляксандра Мілінкевіча ў Францыю завяршыцца 12 траўня.

 

Павел БУШКО


Радыё Рацыя

Усе навіны