Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Францыі

10/05/2008

Лідэр Руху “За Свабоду” спадзяецца стварыць магутнае прабеларускае лёбі сярод лідараў Эўразьвязу. Гэтаму быў прысьвечаны яго візыт у Францыю.


9 траўня ўвечары Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі. Сустрэча адбылася ў Елісейскім палацы Парыжа. Аб тэмах размовы Польскаму радыё распавёў сам лідэр Руху “За Свабоду”.


А. Мілінкевіч: Мы добра ведаем адзін аднаго, таму францускі прэзыдэнт канкрэтна запытаўся пра сытуацыю ў краіне, пра тое, што можна зрабіць, каб Беларусь была бліжэй да Эўропы й дэмакратызавалася, што можна зрабіць з уладамі, чым дапамагчы грамадзянскай супольнасьці. Напрыканцы прэзыдэнт шчыра сказаў, што Беларусь можа лічыць на падтрымку Францыі падчас яе старшынства ў Эўразьвязе, і на яго асабістую падтрымку. “Лічыце, што Нікаля Сарказі зь беларусамі” – сказаў францускі лідэр.


Адказваючы на пытаньні Нікаля Сарказі аб тым, чым Францыя можа дапамагчы беларускаму грамадзтву, Аляксандар Мілінкевіч даў наступныя парады:


А. Мілінкевіч: Я па-ранейшаму лічу, што эканамічныя санкцыі прынясуць малы эфэкт, таму што тлумачыць прычыны іх увядзеньня будзе афіцыйная прапаганда, а не Эўразьвяз і не апазыцыя. Народ так і не даведаецца праўды. Па-другое, крызыс у эканоміцы можа прывесьці да зьмяншэньня нашых шанцаў на самастойнасьць, а можа нават прывесьці да страты незалежнасьці.


Санкцыі супраць асобных кіраўнікоў, канешне, маюць сэнс. Але я лічу галоўным, нягледзячы на рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў, уцягваць уладу ў дыялёг. Дыялёг павінен быць з канкрэтна акрэсьленымі умовамі: што кожная са старон павінная зрабіць. Пры гэтым абавязкова трэба працаваць з грамадзянскай супольнасьцю й падтрымліваць вольныя СМІ.


Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца, што вынікам яго візыту ў Францыю будзе ўлучэньне гэтай вельмі ўплывовай у сьвеце краіны ў працэс дэмакратызацыі Беларусі.


А. Мілінкевіч: Францыя – адна з магутных краінаў Эўразьвязу, якіх так не хапае, калі фармулюецца палітыка па набліжэньні Беларусі да Эўропы. Францыя ў асобе Сарказі абяцала быць разам з Польшчаю, якая, нараўне з краінамі Балтыі, праводзіць, на мой погляд, самую пасьпяховую палітыку па лібэралізацыі й дэмакратызацыі Беларусі. Гэта вельмі важна. Для рэфармаваньня Беларусі сілаў непасрэдных суседзяў недастаткова. Краіны “старой” Эўропы адгрываюць у Эўразьвязе вельмі важную ролю. Да гэтага часу не было сфармулявана канкрэтнае становішча гэтых дзяржаваў у дачыненьні да падзеяў у Беларусі. Лічу, што зараз гэта будзе зроблена.


Як паведаміў Аляксандар Мілінкевіч, да 1 ліпеня гэтага году - даты, калі Францыя стане старшынёй Эўразьвязу – гэтая краіна сфармулюе сваё становішча ў дачыненьні да Беларусі. Стратэгія Францыі будзе выпрацаваная з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў. Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца стварыць у Эўразьвязе магутнае прабеларускае лёбі, якое б складалася зь лідэраў Францыі, Польшчы, краінаў Балтыі ды іншых дзяржаваў.


Аляксандар Мілінкевіч за апошнія два гады неаднаразова сустракаўся зь лідэрамі заходніх краінаў: канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель, старшынём Эўракамісіі Жазэ Барозу, прэзыдэнтам Францыі, прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Ці прыносяць такія сустрэчы практычныя вынікі?


А. Мілінкевіч: Такія сустрэчы вельмі важныя. Гэта не “палітычны турызм”, а вялікая праца, якую мы павінны рабіць сёньня. Вынікі ад яе мы будзем адчуваць і празь пяць, і празь дзесяць гадоў. У свой час, калі паўстала БНР і вырашалася, быць альбо ня быць самастойнай Беларусі, кіраўнікам Беларускай Народнай Рэспублікі якраз не хапіла асабістых кантактаў зь лідэрамі Эўропы, якія б ведалі пра Беларусь, падтрымалі яе. Сёньня гэтая падтрымка ўжо ёсьць. Кіраўнікі шматлікіх краінаў Эўропы хочуць падтрымаць незалежную Беларусь. Я лічу гэта вялікім посьпехам.


Палітоляг Уладзімiр Мацкевіч згодны з думкай Аляксандра Мілінкевіча. Сустрэчы з кіраўнікамі заходніх дзяржаваў не прыносяць хуткіх і адразу адчувальных карысьцяў, затое ствараюць фундамэнт для добрых стасункаў з краінамі Эўропы ў будучыні.


У. Мацкевіч: Сустракаючыся зь Мілінкевачам, лідэры заходніх краінаў падкрэсьліваюць, што Эўропа не выключае Беларусі са сваёй сям’і й па-ранейшаму разглядае рэспубліку як краіну, якая магла б увайсьці ў Эўразьвяз. Стасункі ж з Лукашэнкам, на жаль, бессэнсоўныя, таму што сваімі дзеяньнямі беларускі кіраўнік неаднаразова даваў зразумець, што ён няздольны стрымаць сваё слова.


Падчас свайго візыту ў Францыю лідэр Руху “За Свабоду” сустрэўся ня толькі з прэзыдэнтам Нікаля Сарказі, але таксама з францускім міністрам замежных справаў Бэрнарам Кушнэрам, сэнатарам і былым прэм’ерам Жан-П’ерам Рафарэнам, даў шэраг інтэрвію міжнародным інфармацыйным службам.

 

Аляксандар Папко


Польскае радыё

Усе навіны