Як Слонімшчына сустракала Мілінкевіча
18 красавіка Слонім наведаў экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. Па прычыне таго, што на ўсе афіцыйныя запыты мясцовых арганізатараў з просьбай атрымаць у арэнду памяшканне для правядзення сустрэчы са слонімцамі быў адмоўны адказ, палітык вырашыў пагутарыць з народам на мясцовым рынку.
18 красавіка ў раёне 12:00 каля брамы цэнтральнага рынку мэтанакіравана сабралася невялікая колькасць людзей. Моладзь і пенсіянеры, прадпрымальнікі і беспрацоўныя, актывісты апазіцыі і беспартыйныя. Сярод гэтага люду прысутнічалі і міліцыянеры, прадстаўнікі райвыканкама і невядомыя дзядзькі з відэакамерамі ў руках.
Першапачаткова людзі настойліва чакалі палітыка, час ад часу паглядваючы на гадзіннік, але машыны Мілінкевіча ўсё не было. Праз пэўны час стала вядома, што сустрэча зацягваецца па прычыне таго, што ў Пінску (горад, у якім адбылася папярэдняя сустрэча палітыка з людзьмі) невядомыя зрабілі 8 дзірак у колах “Мерседэса” экс-кандыдата. Недзе праз гадзіну частка людзей пачала разыходзіцца, згубіўшы веру ў тое, што сустрэча ўсё-такі адбудзецца.
Нарэшце слонімцы ўбачылі шпацыруючага палітыка з ветлівай ўсмешкай на твары. Найперш да яго падышоў супрацоўнік міліцыі, які папрасіў прыпыніць правядзенне мітынгу. Але цікаўныя абступілі Мілінкевіча, і пасыпаліся пытанні. Мясцовых прадпрымальнікаў цікавіла эканамічнае развіццё дробнага бізнесу, яны скардзіліся на высокія падаткі. Была сярод натоўпу і публіка, якая час ад часу выкрыквала: “А чё ты сюда приехал?”. Паважна адказаўшы на пытанне аб мэце свайго візіту, Аляксандр Мілінкевіч працягваў сумоўе.
Працягвалася гутарка і непасрэдна сярод гандлёвых радоў, дзе, акрамя прадпрымальнікаў, уступалі ў дыскусію з палітыкам і прадстаўнікі райвыканкама.
“Супрацоўнікі ідэалагічнага аддзела вялі з намі вельмі цікавую дыскусію, задавалі розныя пытанні, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. — Няхай напачатку будзе публічная палітыка на рынку, а потым мы можа і пяройдзем у залы”.
Акрамя праходзіўшых міма разявак і невядомых дзядзькоў з відэакамерамі, за сустрэчай назіралі і журналісты розных незалежных выданняў. І што цікава — ажно тры прадстаўнікі з мясцовай раёнкі (напэўна і інфармацыі пра гэту сустрэчу ў іх будзе ўтрая больш!?).
Сустрэча Мілінкевіча з людзьмі на рынку скончылася, але не скончыўся візіт палітыка ў нашым горадзе. Аляксандр Уладзіміравіч разам з паплечнікамі наведалі Жыровіцкі храм.
Увечары на прыватнай кватэры адбылася сустрэча спадара Мілінкевіча і старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, які спецыяльна прыехаў з Мінску, каб таксама пагутарыць са слонімскімі грамадскімі актывістамі. Палітыкі зноў адказвалі на пытанні прысутных, пытанні больш прамыя і больш разгорнутыя. А тым часам невядомыя аблілі чырвонай фарбай аўтамабіль Мілінкевіча, які стаяў у двары пад вокнамі кватэры.
І што дзіўна, ніхто не бачыў, як гэта адбылося і хто мог такое зрабіць. Не бачылі нават прадстаўнікі аховы правапарадку, якія ўвесь час знаходзіліся непадалёк і сачылі за тым, каб нічога крамольнага не адбылося.
А яшчэ праз некалькі хвілінаў прыехала пажарная машына і выратавальнікі пастукаліся ў кватэру. Яны сказалі, што ім нехта патэлефанаваў і паведаміў, што ў кватэры — пажар. Але гаспадар запэўніў іх у адваротным, і сустрэча працягнулася далей.
Такім чынам скончыўся візіт Мілінкевіча ў Слоніме. Ды не скончыліся прыгоды палітыка, калі ён накіраваўся ў вёску Бершты Гродзенскага раёна.
Як стала вядома карэспандэнту “ГС”, ноччу 19 красавіка на падворку прыватнага дома Аляксандра Мілінкевіча невядомыя прабілі ўсе колы у чатырох аўтамабіляў, што там стаялі. Не пашкадавалі і машыну суседа. Акрамя таго, адзін з аўтамабілях быў заліты зялёнай фарбай.
Слонім быў 19 па ліку горадам, які наведаў з візітам Аляксандр Мілінкевіч. Ён сустракаецца з простымі людзьмі і, па магчымасці, адказвае на ўсе іх пытанні.

Газета Слонімская
Усе навіны


