ЦВК: Прапановы апазіцыі толькі пагоршаць сітуацыю кандыдатаў
Цэнтральная выбарчая камісія не мае намеру дэмакратызаваць выбарчы працэс. Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы сябраў грамадскай кампаніі “За свабодныя выбары”, назвваўшы іх нерэальнымі.
Нерэальным, на думку старшыні ЦВК, зьяўляецца магчымасьць подпісу сябраў выбарчых камісіяў на бюлетэнях, больш спраўная агітацыя, а таксама мажлівасьць назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў. Больш за тое, на думку Лідзіі Ярмошынай, прапановы беларускай апазыцыі толькі пагоршылі б сытуацыю кандыдатаў.
Сутнасьць прапановаў аб’яднаных дэмакратычных сілаў зводзілася да лепшага выкананьня існуючых ужо нормаў выбарчага заканадаўства. У гатовых праектах пастановаў, якія сябры кампаніі “За свабодныя выбары” дасылалі ў Цэнтарвыбаркам, утрымліваліся прапановы, падзеленыя на тры тэматычныя блёкі. Распавядае адзін з аўтараў прановаў Віктар Карняенка.
В. Карняенка: Першае – гэта правы партыяў на прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. У сваіх пастановах мы замацоўвалі самыя мінімальныя гарантыі, што прадстаўнікі палітычных партыяў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, будуць мець прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. А закон дае толькі такое права, якое на практыцы ніколі не было рэалізаванае. Другі блёк пытаньняў – гэта права кандыдатаў весьці нармальную агітацыйную дзейнасьць. Сёньня, напрыклад, вулічная агітацыя рэглямэнтуецца ня выбарчым заканадаўствам, а законам аб масавых акцыях. З нашага пункту гледжаньня, гэта недапушчальна. І трэці блёк пытаньняў – гэта правы назіральнікаў, якія б давалі ім права назіраць выбарчы працэс і падлік бюлетэняў.
За аснову праектаў пастановаў былі ўзятыя распрацаваныя раней Цэнтаравыбаркамам нормы, але з прынцыповымі дадаткамі. Прадстаўнікі АДС прапанавалі кіраўніцтву ЦВК абмеркаваць усе згаданыя прапановы, аднак ведамства Лідзіі Ярмошынай адхіліла прапанову дэмакратаў. На думку старшыні ЦВК, каб унесьці прапанаваныя нормы ў жыцьцё – неабходна зьмяніць выбарчае заканадаўства, што не ўваходзіць у паўнамоцтвы Цэнтральнай выбарчай камісіі.
В. Карняенка: У лісьце з ЦВК канстатуецца, што шмат што мы ўзялі ад рашэньняў ЦВК. Правільна, мы гэтага не адмаўлеям. Канстатуецца таксама, што мяняць трэба выбарчае заканадаўства, а не пастановы. Але мы прынцыпова адышлі ад гэтага й настойвалі выключна на пастановах. Мы не прапаноўвалі мяняць аніводную літару ані закону, ані Канстытуцыі. І трэцяя выснова ЦВК зводзіцца да таго, што нашыя прапановы яшчэ больш пагаршаюць магчымасьці кандыдатаў. А напрыканцы ліста напісана, што ніякія дыскусіі з пункту гледжаньня камісіі непатрэбныя. Улада паказала, што яна не зьбіраецца дэмакратызаваць выбарчы працэс, ёй гэта непатрэбна й гэта яе прынцыповая пазыцыя.
Цікава, што падчас розных выбарчых кампаніяў ЦВК неаднаразова зьмяняла свае пастановы, аднак тады гэта не вымагала зьмены выбарчага заканадаўства, а цяпер тыя самыя па характары зьмены ЦВК зрабіць ня можа.
Дарэчы, праекты зьменаў у выбарчае заканадаўства сябры АДС дасылалі і ў Палату прадстаўнікоў, але й адтуль прыйшла адмова.
С. Альфер: У іх няма ніякага жаданьня разглядаць гэтыя прапановы, яны прынялі тое самае, што было раней. У адной са сваіх пастановаў ЦВК перавысіла свае паўнамоцтвы. Там было запісана, што назіральнікі павінны пражываць на тэрыторыі выбарчага ўчастку, па якім вылучаюцца. Гэтага закон не прадугледжвае, а кале не, то гэта перавышэньне паўнамоцтваў ЦВК. Такіх прыкладаў – дзясяткі. Гэта двайныя стандарты, маўляў, для сябе мы можам рабіць усё, што заўгодна: перапісваць закон сваімі пастановамі, а калі нешта вы нам даяце й нам гэта не падабаецца, то гэта супрацьзаконна.
Сябры Рады АДС плянуюць давесьці да людзей сутнасьць яе прапановаў і сутнасьць адказу ўлады. Цяпер кампанія “За свабодныя выбары” завяршае фармаваньне сьпісу прадстаўнікоў аб’яднаных дэмсілаў у выбарчыя камісіі. У сьпісе знайшліся прозьвішчы вядомых палітычных актывістаў. Іх Рада АДС прапануе ў шэраговыя сябры выбарчых камісіяў. Прэзэнтацыя сьпісу адбудзецца на наступным тыдні.
Польскае радыё
Усе навіны


