Cуд за аднаўленне на працы
Актывіст Руху "За Свабоду" з райцэнтру Гарадок Віцебскай вобласьці Леанід Аўтухоў, спрабуе праз суд аднавіцца на працы. Папярэдняе судовае пасяджэньне прызначана на 14 гадзіну дня.
Кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ, прыхільнік Аляксандра Мілінкевіча, спадар Аўтухоў быў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў 4 красавіка гэтага году. Звольнілі яго “ў сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту”, але сапраўднай прычынай звальненьня Леанід Аўтухоў лічыць сваю палітычную і грамадзкую актыўнасьць.
Паводле спадара Аўтухова, непасрэднае начальства неаднаразова выказвала незадавальненьне з прычыны таго, што ён арганізоўваў сустрэчы жыхароў райцэнтра з палітыкам Аляксандрам Мілінкевічам і пісьменьнікам Уладзімерам Арловым.
У Гарадку Леанід Аўтухоў вядомы яшчэ й тым, што выдае мясцовую незалежную газэту “Да перамогі!”, а ў мінулым годзе за ўласныя сродкі ўсталяваў мэмарыяльны крыж, прысьвечаны ахвярам сталінізму і змагарам за свабоду. Гэты крыж праз тры дні зьнік, і апазыцыянэр дагэтуль патрабуе ад міліцыі адшукаць і пакараць злодзеяў або тых, хто аддаў адпаведны загад.
Радыё Свабода
Усе навіны


