English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

Парсюкевіч убачыўся з жонкай

30/05/2008

Палітвязня сёння ў Жодзінскім ізалятары часовага ўтрымання наведала жонка. Наталля Парсюкевіч распавяла, што яе муж цяпер выглядае значна лепей, чым на судзе і цешыцца з нагоды таго, што яго пераводзяць у калонію. На касацыйную скаргу Сяргей Парсюкевіч не ўскладае вялікіх спадзяванняў.


Спатканне Сяргея і Наталлі Парсюкевічаў цягнулася каля 40 хвілін. Паразмаўляць мужу і жонцы дазволілі толькі праз тлустае шкло з дапамогай тэлефона. Але Наталля Парсюкевіч радая і такой магчымасці пабачыцца:


- Выглядае ён зараз лепей, чым на судзе. Відаць, адышоў ад стрэсу, якога не чакаў. Я маю на ўвазе прысуд. Сёння раніцай да яго прыйшлі і сказалі, што ўвечары пераводзяць у калонію. Ён вельмі рады, што сыходзіць з Жодзіна.


У жодзінскую турму Сяргей Парсюкевіч быў пераведзены пасля суда. Гэты ўтрымальнік вядомы жорсткімі ўмовамі і бязлітаснай аховай. Наталля Парсюкевіч распавяла Рацыі, што за ўвесь час знаходжання ў Жодзіне яе мужу не была аказаная неабходная медыцынская дапамога:


- Ён прасіў аперацыю. У яго паліпоз, ён кожную вясну клаўся ў больніцу, каб выдаліць з носу паліпы. Таксама ў яго бранхіяльная астма. Карацей, ён прасіў, каб яго падлячылі, але ніякай медыцынскай дапамогі не атрымаў.


Заўтра а 10-й гадзіне раніцы ў Мінскім гарадскім судзе будзе разгледжаная касацыйная скарга, якую Сяргей Парсюкевіч падаў на прысуд Маскоўскага раённага суда сталіцы. Па словах Наталлі Парсюкевіч, яе муж вялікіх спадзеваў на касацыю не ўскладае:


- Верагоднасць поспеху ён ацэньвае як 20 да 100. І мне падаецца, што ўсё гэта без сэнсу. Хіба, каб паказаць, што ён сапраўды не вінаваты. І ўсё.


Калі касацыйная інстанцыя заўтра не задаволіць скаргу Сяргея Парсюкевіча, то на волю ён зможа выйсці толькі 2 жніўня 2010 года. Менавіта ў гэты дзень скончацца 2,5 года, на якія Парсюкевіча пазбавілі свабоды.

 

Аляксей МІНЧОНАК


Радыё Рацыя

Усе навіны