English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

У Варшаве прайшла канферэнцыя «Дэмакратызацыя СМІ ў Беларусі»

09/06/2008

Міжнародная канферэнцыя «Дэмакратызацыя СМІ ў Беларусі» адбылася 6-7 чэрвеня ў Варшаве ў Польскім Сейме. Удзел у мерапрыемстве прынялі журналісты, грамадскія і палітычныя дзеячы з Беларусі, а таксама прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Еўрапейскага парламенту, грамадскіх арганізацый і фондаў. Падчас канферэнцыі ладзілася дыскусія па праблемах свабодных СМІ Беларусі. Ад Руху “За Свабоду” выступіў намеснік кіраўніка Юрась Губарэвіч.

 

­Пытанні свабоды слова, міжнароднай падтрымкі незалежных СМІ, сітуацыя друкаванымі выданнямі і вяшчаннем электроннымі СМІ, запланаваныя змены ў заканадаўстве, датычныя рэгулявання Інтэрнету, а таксама роля грамадскіх супольнасцяў і праваабаронцаў у грамадстве сталі асноўнымі тэмамі абмеркаванняў у ходзе канферэнцыі «Дэмакратызацыя СМІ ў Беларусі».

 

«Як вольныя людзі не могуць гаварыць тое, што думаюць? Няўжо гэта кашмар, які вярнуўся?— такімі эмацыйнымі словамі распачаў працу канферэнцыі віцэ-прэзідэнт Канферэнцыі няўрадавых арганізацый Рады Еўропы Жан-Мары Хейдт (Jean-Marie Heydt).— Мы не можам дазволіць, каб абарона правоў чалавека, у тым ліку і права на свабоду слова, успрымалася як крымінальная дзейнасць».

 

«Для нас правядзенне гэтай канферэнцыі — сведчанне таго, што свабода слова ў Беларусі з’яўляецца прыярытэтнай тэмай для еўрапейскай супольнасці. Гэта азначае, што рэгуляванне ўзаемаадносінаў беларускіх уладаў з незалежнай прэсай — адна з умоваў наладжвання паўнавартаснага супрацоўніцтва еўрапейскіх інстытутаў з афіцыйным Мінскам. Мы лічым, што вырашэнне гэтага пытання павінна быць сярод галоўных умоваў пры аднаўленні статусу Беларусі як спецыяльна запрошанага сябра ў Радзе Еўропы»,— падкрэсліла ў сваім выступе старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.

 

Падчас слуханняў і дыскусій прысутныя мелі магчымасць разгледзець праблемы, якія існуюць у беларускіх незалежных медыяў з усіх бакоў— эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага. На думку Жанны Літвіной, вельмі паказальна, што беларуская грамадзянская супольнасць нарэшце змагла прыўзняцца над сваімі дробнымі праблемамі, каб данесці да прадстаўнікоў еўрапейскіх структур агульную думку: пакуль не вырашыцца праблема са свабодай слова ў краіне, не магчымы ніякі дыялог уладаў з апазіцыяй, прадстаўнікамі грамадскасці, журналістамі.

 

Ніякіх станоўчых зменаў на сёння ва ўзаемаадносінах паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю ўдзельнікі канферэнцыі не адзначылі. Больш за тое, у рэзалюцыі, прынятай па выніках канферэнцыі, звяртаецца ўвага, што ціск і рэпрэсіі ў дачыненні дадэмакратычнай грамадскасці, незалежнай прэсы і журналістаў працягваецца.

 

«Палітыка беларускіх уладаў у дачыненні да незалежных СМІ застаецца жорсткай»,— падкрэсліваецца ў тэксце рэзалюцыі.

 

«Я вельмі расчараваны адсутнасцю прынцыповых зменаў у сітуацыі са свабодай СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. На канферэнцыі гэтае пытанне разглядалася ўсебакова, прынялі ўдзел шмат адмыслоўцаў і экспертаў, якія маюць добрае ўяўленне пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. І мы не ўбачылі ніякіх доказаў змены стаўлення беларускіх уладаў дапраблем СМІ і паляпшэння сітуацыі са свабодай медыяў у Беларусі. Гэта пацвярджаецца і зместам выступаў на канферэнцыі»,— адзначыў старшыня падкамітэту па СМІ Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Эндру Макінтош (Andrew McIntosh) у гутарцы з прэс-службай БАЖ.

 

Адным з галоўных вынікаў канферэнцыі «Дэмакратызацыя СМІ ў Беларусі» стала прапанова аб стварэнні Еўрапейскай рады па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі. На думку ініцыятараў, гэта структура мусіць адсочваць парушэнні свабоды слова, рабіць экспертны аналіз сітуацыі, а таксама аператыўна рэагаваць накрокі беларускіх уладаў у дачыненні дзейнасці СМІ.

 

Удзельнікі канферэнцыі звярнулася да ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з прапановай, узяць на сябе абавязкі па стварэнні такой Рады. У лік ганаровых сябраў Рады ўжо запрошаныя прадстаўнікі Еўрапарламенту, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, АБСЕ. Вырашана, што Еўрапейская рада па маніторынгу сітуацыі са СМІ будзе складацца з экспертаў міжнародных няўрадавых арганізацый.

 

«Я вельмі спадзяюся, што стварэнне Рады па маніторынгу стане крокам кансалідацыі міжнародных журналісцкіх, праваабарончых арганізацый і выбітных еўрапейскіх палітыкаў вакол беларускай праблемы, вакол выканання нашых патрабаванняў»,— падкрэсліла Жанна Літвіна.

 

У рэзалюцыі канферэнцыі акрамя таго гучыць заклік дабеларускіх уладаў спыніць выкарыстоўванне артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія абмяжоўваюць права на пошук, атрыманне і распаўсюд інфармацыі, перагледзець нацыянальнае заканадаўства аб СМІ і прывесці яго ў адпаведнасць да міжнародных стандартаў, а таксама забяспечыць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ розных тыпаў ўласнасці.

 

Падтрымку ў падрыхтоўцы і правядзенні канферэнцыі «Дэмакратызацыя СМІ ў Беларусі» аказаў польскі Фонд Казіміра Пуларскага і прадстаўнікі польскага парламенту. Слуханні пра стан свабоды слова ў Беларусі такога ўзроўню апошнім разам адбываліся ў 2002 г. у Страсбургу.


baj.by

Усе навіны