Забудова Севастопальскага парку
Калісьці жыхары Менску ганарыліся тым, што іх горад лічыцца адным з самых зялёных сярод гарадоў СССР. Цяпер ён, на жаль, паступова страчвае свой вобраз. Чарговым прыкладам зьмяншэньня “зялёных лёгкіх” сталіцы зьяўляецца забудова Севастопальскага парку.
Актывісты Руху “За Свабоду” намераны дапамагчы жыхарам менскага мікрараёну “Усход-2” паўстрымаць забудову парку, пры якой зьнішчаць старыя дрэвы й зачыняць сьвідравіны пітной вады. Юрась Меляшкевіч распавядае, што гісторыя мае ўжо каля дзесяці гадоў. Дагэтуль людзям ўдавалася паўстрымаць забудову, але зноў прынятыя пляны пра гэтак званае добраўпарадкаваньне тэрыторыі. У чым гэта заключаецца?
Ю. Меляшкевіч: Перш за ўсё гэта вырубка 1600 дрэваў для пабудовы жылых дамоў, рэстарану, паркінгу, культурна-забаўляльных пабудоў і гэтак далей. Мясцовыя ўлады ўжо даўно шукаюць шляхі подступу да гэтай тэрыторыі. Гісторыя мае 10-гадовую даўніну. Тады людзям удалося адбіцца. Па той інфармацыі, якую мне прадаставіла мясцовая грамада, ёсьць супярэчаньні паміж тым, што кажуць дзяржаўныя ворганы зараз і тым, што яны казалі нават год таму. Ёсьць падазрон, што мы яшчэ можам знайсьці вельмі моцныя парушэньні ў працэсе землеадводу на гэтай тэрыторыі.
На думку Юрася Меляшкевіча, назіраецца небясьпечная тэндэнцыя, якая ахоплівае цэлы Менск. Ва ўмовах адсутнасьцю кантролю з боку грамадзтва, найбольш прывабныя кавалкі зямлі разьмяркоўваюцца сярод бізнэс-структураў, якія маюць добрыя кантакты з уладамі. Калі так далей пойдзе, горад ператворыцца ў каменныя джунглі. Таму сёньня гаворка ідзе ня столькі пра адзін парк, колькі пра кожнае дрэва – дадае эколяг Валеры Дранчук.
В. Дранчук: Кожнае дрэва сёньня ў сталіцы мае каштоўнасьць. Гаворка нават не пра Севастопальскі парк, а пра паасобныя дрэвы, якія зносяцца ў сувязі з адкрыцьцём стаянак, з камэрцыялізацыяй інфраструктуры. Таму людзі павінны адстаяць гэты парк. Тут павінна быць незалежная грамадзкая статыстыка. На вялікі жаль, яе няма. Статыстыка Санэпідстанцыі або Камітэту прыродных рэсурсаў няпоўная. Калі казаць пра поўную статыстыку, то яна ня можа сьведчыць пра тое, што Менск - самы зялёны горад. Ён пацьвярджае іншы свой імідж - гораду, які траціць сваё зялёнае ўбранства.
Пры гэтак званым землеадводзе не ўлічваюцца ні меркаваньні жыхароў, ні экалягічныя або гістарычныя каштоўнасьці. Рашэньне прымаецца ў самых вярхах улады. Праблема ў тым, што цяжка кантраляваць сам працэс прыняцьця рашэньняў з-за адсутнасьці празрыстасьці – гаворыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
В. Стэфановіч: Сама сыстэма такая - рашэньні прымаюцца непразрыста. Тут шмат прыкладаў - і рэканструкцыі старога гораду, і калі зьнесьлі дом, у якім жыла жонка Янкі Купалы й пабудавалі фэшэнэбэльны дом на яго месцы. Прыходзіць інвэстар, які плаціць грошы. За гэтыя грошы яны гатовыя й парк зьнесьці, і нават Музэй Айчыннай вайны перанесьці, хаця, здавалася б, тут вэтэраны - любімы электарат прэзыдэнта. Адстойваць цяжка, адзіная магчымасьць - калі жыхары выходзяць, зьбіраюць подпісы. Па новым указе прэзыдэнта, калі сабрана звыш 300 подпісаў, чыноўнікі павінны выехаць на месца, каб разабрацца. Гэта пытаньні, якія закранаюць непасрэдна людзей. Калі людзі будуць актывізавацца, то можна нечага дамагчыся.
У чацьвер, 12 чэрвеня, адбылася сустрэча старшыні Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі гораду, зацікаўленымі праблемай забудовы Севастопальскага парку. У выніку было прынятае рашэньне падаваць скаргу ў суд на дзеяньні ўлады. Рух «За Свабоду» акажа інфармацыйную й юрыдычную падтрымку грамадзкім актывістам – распавядае Аляксандар Мілінкевіч.
А. Мілінкевіч: Нам вельмі важныя сацыяльныя пытаньні, таму што палітыка складаецца з простых рэчаў, якія турбуюць людзей. Зьнішчэньне гэтага парку - гэта чарговы ўдар па чыстаце вады й паветра ў Менску. Грамадзкія актывісты прыйшлі да нас, у Рух "За Свабоду", прасілі падтрымкі. Гэта прыклад самаарганізацыі людзей, што ёсьць надзвычай сур'ёзна. Людзі даўно змагаюцца, маюць пэўныя перамогі, але ў чарговы раз парк пад пагрозаю. Жыхары самі мяне запрасілі на сустрэчу. Міліцыя стаяла, але нас не перапынілі. Улада таксама прыйшла, але пабаялася ўступіць у палеміку. Людзі расказвалі пра сытуацыю, я й раней вывучаў дакумэнты. Мы вырашылі падаваць у суд скаргу на дзеяньні ўлады. І абяцалі ім таксама інфармацыйную падтрымку, дарэчы, са мною было шмат журналістаў.
На сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам прысутнічала каля 100 чалавек, якім неабыякавы лёс Севастопальскага парку.
Натальля Грышкевіч
Польскае радыё
Усе навіны


