English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыі пра Рух
 Галоўная

За нелаяльнасць пазбавілі працы былога кандыдата ў касманаўты

04/07/2008

Актывіст Руху “За Свабоду” з Кобрына Алесь Мех скончыў Полацкі дзяржуніверсітэт, а яшчэ раней Маскоўскі авіяцыйны. Адукаванага спецыяліста звольнілі за жаданне стаць дэпутатам.

 

30 чэрвеня не працягнуты кантракт з Алесем Мехам, cупрацоўнікам Кобрынскай управы магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз".

 

Спадар Мех зьяўляецца актывістам Партыі БНФ. Сваё звальненьне ён наўпрост зьвязвае з палітычнай дзейнасьцю

 

–  6 чэрвеня  я быў выкліканы да кіраўніка прадпрыемства і ў прысутнасьці супрацоўніка КГБ папярэджаны, што калі ня выйду са сьпісу 110 кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл на восеньскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў, то праз тры тыдні кантракт са мной ня будзе працягнуты. Так яно і здарылася – 30 чэрвеня зь 17.00 я беспрацоўны.

 

– Што можна зрабіць у такой сытуацыі?

 

– Саступіць мне было нялатва, – адказвае спадар Мех. –  Спэцыяліст я няйначай нядрэнны. І супрацоўнікі нашага калектыву зьбіралі подпісы ў маю абарону, і мой непасрэдны начальнік напісаў ліст у Менск кіраўнікам галаўнога прадпрыемства з просьбай працягнуць са мной кантракт, але выніку, як бачым, няма.

 

– Алесь Мех мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Ён скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а яшчэ раней Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт грамадзянскай авіяцыі. Быў кандыдатам у атрад касманаўтаў, і чым благі быў бы кандыдат у "палатку", – кажа зямляк звольненага Юрась Жыдовіч.

 

– Кантрактная сыстэма – гэта ў дадзеным выпадку інструмэнт для расправы з іншадумцамі, – камэнтуе юрыст прафсаюза РЭП Уладзімір Малей. – Судовага рашэньня такія справы ў Беларусі ня маюць, таму што адміністрацыя можа не працягваць кантракт з уласнага хаценьня і не тлумачыць прычынаў.

 

Паводле ўнутранай статыстыкі, колькасьць беспрацоўных сярод сябраў апазыцыйных партый адпаведнага ўзросту ў Берасьцейскай вобласьці сягае  за 50 адсоткаў. Праваабаронцамі зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў прымусу да ляяльнасьці на працоўных месцах і забароны на прафэсію для  неляяльных прафэсыяналаў.

 

Пётра Васілеўскі


www.bulletinonline.org

Усе навіны