Выбух у Мінску - нагода, каб націснуць на актывістаў
У нядзелю міліцыянты з Чэрыкава й Клімавічаў апытвалі тамтэйшых грамадзкіх актывістаў і журналістаў Сямёна Панізоўцава й Сяргея Аржанцава ці чулі яны пра здарэньне ў Менску ў ноч з трэцяга на чацьвёртага ліпеня.
Паводле Панізоўцава й Аржанцава міліцыянты наведаліся да іх дамоў і гутаркі не дакумэнтавалі. Яны лічаць, што ўлада выкарыстоўвае здарэньне ў Менску як нагоду для ўціску мясцовых журналістаў і актывістаў апазыцыі.
Да чэрыкаўскага грамадзкага актывіста й журналіста Сямёна Панізоўцава міліцыянт наведаўся каля шаснаццаці гадзінаў дня. Спадар Панізоўцаў кажа, што міліцыянт назваў яго Сямёнавым (такі ў яго журналісцкі псэўданім). Потым пачаў распытваць пра дарожна-транспартнае здарэньне:
“Што вы чулі пра дарожна-транспартнае здарэньне?”. Якое дарожна-транспартнае здарэньне, пытаюся я. “Тое, што ў Менску”. Дык гэта надзвычайнае здарэньне, кажу я. Чуў, аднак, тое, што па тэлебачаньні, гавару, казалі. Ну й усё на гэтым. Ужо потым я сам сабе думаю, што найперш мне трэба было запытацца, чаму яны шукаюць Сямёнава, а не Панізоўцава. Відаць ім заданьне далі апытаць некага, мо жыхароў. Гэта ўжо потым я сам сабе пракруціў. А яму пытаньняў ніякіх не задаў. Ведаеце, гэта атрымалася неяк зьнянацку ўсё”, – пераказвае абставіны гутаркі Сямён Панізоўцаў.
Прыкладна ў гэты ж час міліцыянт, але ўжо клімавіцкі, наведаўся да мясцовага журналіста й грамадзкага актывіста Сяргея Аржанцава.
Гутарку міліцыянт пачаў, кажа спадар Аржанцаў, са здарэньня, якое нібыта адбылося напярэдадні каля мясцовай школы. Потым пачаў распытваць, што чуў пра менскія падзеі, ці быў у Менску, альбо ці былі там знаёмыя.
Сяргей Аржанцаў лічыць, што выбух у Менску улады спрабуюць скарыстаць для псыхалягічнага ціску на мясцовых журналістаў і актывістаў апазыцыі:
“Хутчэй за ўсё ўлады вырашылі скарыстаць гэты выпадак, каб нэрвы паказытаць апазыцыянэрам. Прайсьціся хаця б, у кожным жа раёне ёсьць нехта актыўны, і як бы не спыталіся наўпрост, аднак людзі будуць думаць. Потым глядзіш й нехта падумае: “Навошта мне гэта трэба, будуць вязацца праз кожную дробязь”, – мяркуе Сяргей Аржанцаў.
І Сямён Панізоўцаў і Сяргей Аржанцаў – карэспандэнты крычаўскай недзяржаўнай газэты “Вольны горад”. Рэдактар газэты Сяргей Няроўны пагаджаецца з тым, што менскія падзеі мясцовая улада карыстае як нагоду для запалохваньня актывістаў.
svaboda.org
Усе навіны


