“Мемарыяльныя знакі стануць хаця б фармальнай абаронай ад “чорных капальнікаў”
Чаму ў Беларусі, што перажыла не адну вайну, працягваюць рабаваць мёртвых салдат, а ў Еўропе няма праблемы “чорных капальнікаў”? Што можа і павінна рабіць дзяржава дзеля ўсталявання “міра над магіламі”? Ініцыятыву Міністэрства юстыцыі па ўсталяванні ва ўсіх месцах вайсковых пахаванняў мемарыяльных знакаў каментуе старшыня Дабрачыннага грамадскага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.
– Калі спатрэбіцца, я гатовы працаваць разам з дзяржаўнымі органамі, – гаворыць Антон Астаповіч, падкрэсліваючы, што цалкам ухваляе ініцыятыву Мінюста. – Але не магу не звярнуць увагу на тую акалічнасць, што дзяржаўныя органы ўзнялі гэтае пытанне менавіта пасля таго, як грамадскія арганізацыі – таварыства па ахове помнікаў і рускае культурнае таварыства “Отечество” – забілі ў званы і ўзнялі праблему рабавання, вандалізму на вайсковых могілках у прэсе.
– Наколькі рэальна сёння знайсці ўсе вайсковыя пахаванні на тэрыторыі Беларусі? Сайт “Заўтра тваёй краіны” праводзіў шырокае даследаванне праблемы захавання і марадзёрства магіл салдат Першай сусветнай вайны. Высветлілася, што амаль палова пахаванняў толькі той вайны занядбаная...
– Не магу не пагадзіцца, што ў нас вельмі вялікі правал па Першай сусветнай вайне, па савецка-польскай вайне. Трэба даследаваць тэму “Баі верасня 1939 года”, бо практычна ні адна магіла ні чырвонаармейцаў, ні польскіх жаўнераў не ўшанаваная. Якраз гэты прабел можна аднавіць, таму што, акрамя дакументаў, якія дапамогуць дакладна выявіць месца правядзення баёў, яшчэ жывуць калі не сведкі той вайны, то дзеці сведак, якім бацькі неаднаразова распавядалі і паказвалі, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, дзе чырвонаармейцы.
– А ў вашага Таварыства напрацоўкі ёсць?
– У большай ступені па савецка-польскай вайне 1920 года і па захаваннях польскіх салдат, бо гэтыя клады былі мемарыялізаваныя яшчэ ў 1930-х гадах, а зараз падтрымліваюцца ў належным стані, дзякуючы намаганням каталіцкіх парафіяў у Беларусі. Хаця, трэба адзначыць, што ў 1995 годзе паміж Рэспублікай Польшай і Беларуссю было падпісана міжнароднае пагадненне аб доглядзе за воінскімі пахаваннямі. Аднак беларускі бок гэтае пагадненне не выконвае.
Што тычыцца пахаванняў Першай сусветнай войны, то нямецкія пахаванні даглядаюцца Народным саюзам Германіі, а рускія – праваслаўнымі прыходамі. Але, на жаль, амаль палова салдацкіх могілак той вайны закінутыя і нават не выяўленыя. Я думаю, што калі на дзяржаўным узроўні з’явіцца жаданне выправіць сітуацыю, вялікай праблемы не будзе, бо шмат матэрыялу сабраў Народны саюз Германіі, ёсць добрыя напрацоўкі ў журналіста Уладзіміра Багданава.
Трэба адзначыць, што, як гэта ні дзіўна, няма парадку і ў доглядзе пахаванняў савецкіх салдат Другой сусветнай вайны. Здавалася б, прадстаўнікі ўлады кажуць столькі прыгожых і чулых слоў аб ветэранах, аб загінуўшых на той вайне, памяць пра якіх павінна жыць… А на самой справе мы да гэтай пары не ўшанавалі і не пахавалі па-людску ўсіх салдат – інэрцыя савецкага мыслення, калі памяць аб загінутых зводзілася да стварэння манументальных мемарыялаў, а не да выяўлення імені кожнага загінутага, працягваецца і зараз. А тым часам кожны год у Беларусі пошукавікі знаходзяць сотні безыменных магіл савецкіх салдат, ідэнтыфікаваць якіх цяжка, бо салдацкія медал’ёны струхнелі. Дарэчы, у той жа Германіі нацысты падчас другой сусветнай вайны ўсіх загінутых хавалі ў асобнай магіле і ў труне, а ў нас: целы кідалі ў варонку і прысыпалі зямлёю…
– У Германіі і за могілкамі савецкіх салдат вядзецца добры дагляд…
– … а Беларусь да гэтага часу так і не ратыфікавала пагадненне з Германіяй аб доглядзе за пахаваннямі другой сусветнай вайны… І толькі дзякуючы намаганням Народнага саюза Германіі справа крыху рушылася. Мы пачалі разумець, што вялікая колькасць салдат Германіі – гэта звычайныя мабілізаваныя немцы, якія не па сваёй волі трапілі ў тую мясарубку. І памяць пра ўсіх загінулых – ворагаў, саюзнікаў – павінна быць цывілізаванай. Усе краіны, пацярпелыя ад фашысцкай Германіі, ужо пераглядзелі сваё стаўленне да загінулых нямецкіх салдат. У Польшчы, дзе фашысты лютавалі не менш, чым у Беларусі, нямецкія пахаванні даглядаюцца, у Францыі, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краінах таксама. Ратыфікавалі пагадненне аб доглядзе за вайсковымі пахаваннямі Расія, Украіна. Толькі мы засталіся…
Аднак нямецкі Народны саюз шмат працуе на тэрыторыі Беларусі. Пад Глыбокім некалькі гадоў таму быў адкрыты мемарыял загінуўшых нямецкіх салдат. У часы вайны на гэтым месцы стаяў нямецкі шпіталь, і памерлых салдат захоўвалі побач. Пасля вайны на гэтым месцы мясцовыя ўлады зрабілі стадыён. Дарэчы, пасля вайны ненавісць да фашыстаў была такой моцнай, што амаль па ўсёй краіне на касцях нямецкіх салдат наўмысна будаваліся грамадскія аб’екты: стадыёны, дарогі… Але прайшоў час, мы мусім зразумець, што нянавісць – не тая рыса, якая павінна панаваць у нашых сэрцах. І, хачу адзначыць, што Глыбокскі мемарыял быў станоўча ўспрыняты мясцовымі жыхарамі.
– А як часта адбываюцца акцыі вандалізму менавіта на вайсковых могілках?
– За апошнія гады прадпрымалася не адна спроба рыць траншэі на брацкіх рускіх могілках Першай сусветнай вайны. Я лічу, што толькі ўлады вінаватыя ў гэтым. Прывяду адзін красамоўны прыклад. У Ваўкавыску ёсць пахаванні рускіх салдат Першай сусветнай вайны. Аднак да гэтай пары ўлады не даюць дазволу мясцовым актывістам нашага Таварыства добраўпарадкаваць гэтыя могілкі. А акты вандалізму адбываюцца на могілках рэгулярна, “чорныя капальнікі” шукаюць там салдацкія медалі. Каб хоць неяк зрушыць сітуацыю, прыйшлося звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Увогуле хачу сказаць, што “чорныя капальнікі” – гэта сур’ёзная праблема, хвароба сучаснасці. Рыюць могілкі першай сусветнай вайны, раскопваюць магілы савецкіх салдат Вялікай Айчыннай вайны, “даследуюць” пахаванні нямецкіх салдат, асабліва на Магілёўшчыне, у месцах актыўных баявых дзеянняў 1943 года.
– Але ці могуць мемарыяльныя знакі, якія прапаноўвае устанавіць Мінюст, стаць перашкодай для “чорных капальнікаў”?
– Пэўны час панавала такое меркаванне, што, маўляў, абазначаць пахаванні не трэба, бо гэта будзе прыцягваць марадзёраў. Але ж марадзёры і без знакаў адшукваюць такія пахаванні… Я мяркую, што мемарыяльныя знакі стануць хаця б фармальнай абаронай ад капальнікаў. Па-першае, калі іх “застукаюць”, то змогуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Па-другое, за афіцыйным месцам пахавання мусяць даглядаць мясцовыя ўлады, ваенкаматы. Акрамя таго, і, я лічу, што гэта галоўнае – мемарыяльныя знакі патрэбныя нам дзеля таго, што гэта іншая ступень цывілізаванасці грамадства. Гэта падмурак, на якім грамадства, калі так можна сказаць, “адцывілізоўваецца”. Чаму ў Еўропе няма праблемы “чорных капальнікаў”? Таму што менавіта грамадства інакш ставіцца да пахаванняў, і не толькі вайсковых. Павага да продкаў культывіруецца там з маленства.
Устанаўленне мемарыяльных знакаў, на мой погляд, можа стаць першай ступенню па ўшанаванні сапраўднай памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Другім крокам мусіць быць выяўленне імён загінуўшых. Міністэрства абароны гэтай праблемай займаецца. У іх ёсць электронная база дадзеных, але на ўліку ў Міністэрстве знаходзіцца прыкладна 450 тысяч ахвяр вайны і абаронцаў Айчыны. Але гэта далёка не ўвесь спіс. Не ўсталяваны імёны пахаваных партызан, мірных ахвяр вайны. Фактычна няма на ўліку пахаванняў, звязаных з Халакостам. Хачу спадзявацца, што ініцыятыва Міністэрства юстыціі па ўсталяванні мемарыяльных знакаў, па-першае, спраўдзіцца, а, па-другое, не стане апошняй…
Юрый ЛАЗАРЭВІЧ
Заўтра тваёй краіны
Усе навіны


