Хто будзе ў выбарчых камісіях?
Беларусь рыхтуецца да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Палітычныя партыі вылучаюць кандыдатаў, але, галоўнае, хто будзе лічыць галасы выбарцаў.
Рух “За Свабоду” прымае актыўны ўдзел у фармаваньні акруговых выбарчых камісій. Падрабязнасьці падае намеснік кіраўніка Руху Віктар Карнеенка.
Карнеенка: Па адным чалавеку ў кожную акруговую камісію. Будзем вылучаць 110 кандыдатаў. Можа адзінкі ня здолеюць, але плянуем, што вылучым усіх 110. Прозьвішчы розныя. Ад былога кіраўніка дзяржавы Станіслава Шушкевіча да людзей, якія мелі досьвед працы ў выбарчых камісіях. Ёсьць былыя міністры. Аляксандар Сасноў – былы міністар працы. Былы міністар абароны Павел Казлоўскі. Людзі, якія маюць досьвед. Мяркую, вялікія шанцы, што гэтых людзей уключаць. Вельмі цяжка будзе тлумачыць уладам, чаму такіх людзей яны не ўключаюць у камісіі.
Рух “За свабоду” імкнецца да таго, каб у выбарчыя камісіі патрапілі вядомыя ў Беларусі людзі.
Станіслава Шушкевіча вылучыла Сацыял-дэмакратычная Грамада.
Шушкевіч: Учора было паседжаньне Цэнтральнай рады нашай партыі. Мы прынялі рашэньне накіраваць мяне ў Цэнтарвыбаркам. Паглядзім, якое будзе рашэньне. У мяне няма даверу ні да воднага сябра гэтай камісіі. Паглядзім, ці гэта прытворства, ці яны хочуць нешта мяняць. Паводле іх дзеяньняў, яны нічога не мяняюць, а па старых іх інструкцыях, гэта можа быць толькі падман. Можа яны гэтага не разумеюць, я б хацеў ім растлумачыць, як фальсыфікуюцца выбары, за якімі яны павінны назіраць. Я добра ведаю мэханізм зьнізу.
Былых міністарў у склад акруговых выбарчых камісіяў вылучае Аб'яднаная грамадзянская партыя. Гэта былы міністар працы Аляксандар Сасноў ды былы міністар абароны Беларусі генэрал Павел Казлоўскі. Спадар Казлоўскі не выказвае аніякага аптымізму ў адносінах да магчымасьці трапіць у склад выбарчай камісіі.
Казлоўскі: Палічылі, што можа нас уключаць у склад камісіяў. Але я на гэта не спадзяюся. Нас або не заўважаць, або выкрэсьляць, ведаючы нашыя погляды, нязгоду з палітыкаю ўлады.
Засатаецца яшчэ пытаньне ці пойдуць самі беларусы на восеньскія выбары? У адказ на тое, што выбары ў Беларусі даўно ўжо цалкам прадказальныя, а вынікі вызначаюцца ўладамі задоўга да выбараў, людзі проста ня хочуць ісьці галасаваць і мала імі цікавяцца. Варта таксама нагадаць, што беларускі парламэнт ня мае ніякіх сапраўдных паўнамоцтваў.
Ганна Гарачка
Польскае радыё
Усе навіны


