“Белпошта” адмаўляецца ад “Барысаўскіх навінаў”
Дырэктарка дзяржаўнага манапаліста ў сфэры падпіскі на друкаваныя пэрыядычныя выданьні Аляксандра Чарняк лічыць, што яе права выбіраць з кім супрацоўнічаць абаронена Канстытуцыяй.
Барысаўскія сябры Руху "За Свабоду" Алег Мацкевіч і Сяргей Салаш нязгодныя з фармулёўкамі адмовы дырэктара РУП "Белпошта" супрацоўнічаць з "Барысаўскімі навінамі". Цалкам аналягічная адмова, слова ў слова, была атрыманая некалькі дзён таму і іншым актывістам Руху "За Свабоду" Алесем Зарамбюком з Мастоў, аднак яна датычыла іншых пэрыядычных выданьняў – газэты "Новы час" і "Газэты Слонімскай".
"Уключэньне "Народнай волі" і "Нашай нівы" ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду – гэта толькі дзясятая частка кроку ў накірунку разьняволеньня дзеянасьці СМІ ў Беларусі. Аднак без аднаўленьня правоў іншых выданьняў, у тым ліку ўсіх рэгіянальных, а таксама прадастаўленьня магчымасьці вярнуцца да жыцьця выданьням раней забароненым, такім як, напрыклад, "Кур'ер з Барысава", казаць пра лібэралізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця абсалютна заўчасна", – лічыць Сяргей Салаш, лідэр ГІ "За чысты Барысаў!".
У сваім наступным лісьце на імя Аляксандры Чарняк заяўнікі паспрабуюць, між іншым, дамагчыся пералічэньня "пераканаўчых доказаў таго, што дзелавое супрацоўніцтва РУП "Белпошта" з газэтай "Барысаўскія навіны" было стратным і эканамічна немэтазгодным". У сувязі з гэтым заяўнікі запатрабавалі "прадаставіць дакладную інфармацыю, якая б недвухсэнсоўна сьведчыла аб тым, што супрацоўніцтва з газэтай "Барысаўскія навіны" для РУП "Белпошта" эканамічна стратнае".
Таксама ў заяве падкрэсьліваецца, што "РУП "Белпошта" зьяўляецца дзяржаўным манапалістам у сферы падпіскі і распаўсюду па падпісцы друкаваных пэрыядычных выданьняў". Таму спасылкі Аляксандры Чарняк "на арт. 58 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і п. 1 арт. 391 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца неабгрунтаванымі". Як дзяржаўная ўстанова РУП "Белпошта" "нявольная ў выбары выконваць альбо не выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі". Бо дзяржаўнае прадпрыемства перадусім павінна "дзейнічаць такім чынам, каб забясьпечыць выкананьне права грамадзянаў на свабоднае і бесперашкоднае атрыманьне інфармацыі".
barysau.belarda.org
Усе навіны






