English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыя пра нас
 Галоўная

Свабодныя думкі Алеся Пушкіна

28/06/2009

У дзень, калі  Васілю Быкаву споўнілася б 85 год, прэміям імя пісьменніка  “За свабоду думкі” узнагароджаны вядомы мастак Алесь Пушкін. Цікавы сам працэс выбару лаўрэата. Хаця прэмія належыць руху “За свабоду”,  яго вызначаюць не палітыкі. У мінулым годзе эксперты  ў розных галінах творчасці назвалі Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова і Паўла Севярынца. Але гэта быў толькі першы раз. На гэты  ўжо яны самі вырашылі далучыць да свайго кола Алеся Пушкіна. І так будзе надалей. Такім чынам, з кожным годам журы будзе ўсё больш і больш.


– Віншуем!


– Дзякуй. Было вельмі прыемна. І вельмі нечакана, бо Мілінкевіч пазваніў, калі я ішоў з могілак. Памерла суседка, 92 гады. Па дарозе дадому – званок.


– Аляксандр Мікалаевіч – кажа Мілінкевіч – Калі ласка, прывозьце свае карціны да дома-музея Быкава.  Вельмі хачу каб вы былі. Бярыце мікрааўтобус, сваіх радных-блізкіх, карціны, ладзьце там выставу.


Так і зрабілі. Яначка (жонка – заўвага аўтара) з Марыйкай (дачка – заўвага аўтара), у якой вятранка, хварэлі. Мы нанялі мікрааўтобус, ўзялі Міколку (сын – заўвага аўтара), сястру, пляменніцу, паехалі ў Бычкі. Там я аб усім і даведаўся. Было вельмі неспадзявана.


– І як гэта ўспрынялі твае знаёмыя?


– Вельмі цікавая рэч. Літаральна сёння еду ў Мінск. Званок. Доктар, які працуе ў раённай паліклініцы. Кажа: чытаю газету і бачу, што цябе ўзнагародзілі прэміяй. Высветлілася, што гэта “Свабодные новости плюс”.  Гэтым жа чынам было і з начальнікам вузла паштовай сувязі.  


А больш “прадвінутыя” сябры даведаліся аб усім з інтэрнэта. У тым ліку і за мяжой.


– А як успрымаюць апазіцыянера аднавяскоўцы?


–Да маёй хаты міліцыя заўжды прыязджае вельмі шумна. Напрыклад, у мінулым годзе было два ператрусу. Адзін у сувязі з выбухам у ноч з 3 ліпеня на 4 на мінскім праспекце Незалежнасці. Адпаведную санкцыю даў пракурор Мінска. Маўляў, у маёй хаце  могуць быць нейкія рэчы, якія маюць дачыненне да таго эксцэсу. Міліцыянеры прынцыпова, мабыць, каб усе бачылі, ў нашу вёску прыехалі з “мігалкамі”. Спыніліся каля маёй хаты і пяць гадзін нешта шукалі. Людзі бачаць, як мяне забіраюць, а праз некалькі гадзін я прыгожу ў мясцовы магазін за хлебам. Замаўкаюць.


Аднойчы адзін дзед выказаў мужу сваёй дачкі: “Калі ўжо гэтага Пушкіна пасадзяць і не выпусцяць?” Я сустрэў яго на вуліцы і спытаў: “Стаіць хата, цэлыя вокны, у двары сушацца пялюшкі. Чаму вы, дзядзя Жора, хочаце, каб там быў бур’ян у рост чалавека, выбітыя шыбы, правалены дах? Няўжо вам будзе лягчэй ад таго, калі яшчэ адна хата ў Бабры будзе закінутай і пустой?” У адказ словы пра тое, што ён ніколі і нічога падобнага не гаварыў.


Такі беларускі народ.   


– Няўжо ў вашай вёсцы цябе ніхто не падтрымлівае?


– Падтрымліваюць, але своеасабліва. Яны мяне чамусьці баяцца. Калі ў нас доўга (шэсць год) не было дзяцей, людзі думалі – не заводзяць спецыяльна , жадаюць “сваліць” за мяжу. Калі пайшлі дзеці, а я пачаў строіць лазню, забор, то яны зразумелі, што “гэта надоўга”.


Сустракаю людзей, бачу ў іх вачах недаўменне і чую пытанні: “Як жывяце, нідзе з жонкай не працуеце?” Кажу, што, бывае, прадаю карціны. Яны не вераць. Лічаць – каму гэта трэба, бо карціны толькі збіраюць пылю.


Часта жартую. Як Пазьняк з’ехаў бы, але трымае толькі прыгожы пейзаж, бо мая хаты стаіць на самым краю абрыву – далёка ў нізе цячэ рэчка Бобр.


Вераць-ня вераць, а вочы цяплеюць.


– Чаму менавіта Бобр?


– Там нарадзіліся і ўвесь час жылі мой прапрадзед Канстанцін Пушкін,прадзед Дамента Пушкін,  дзед Іван Пушкін, і бацька Мікалай Пушкін. Там жа у 1965 годзе нарадзіўся і я. Потым былі школа-інтэрнат, Акадэмія мастацтваў, а на размеркаванні выбрыў Віцебск, паралельна чатыры з паловай гады працаваў на рэстаўрацыі Катэдры ў Магілёве. Канчатка ў Бобр вярнуўся толькі ў 1997 годзе. Купіў тут хату. І павесіў над ёй бел-чырвона-белы сцяг. Зняць яго не было ні адной спробы, бо гэта прыватная маёмасць.


– З горада – у вёску. Там жыць больш складана…


– Так. У Віцебску ў мяне была галерэя. Памятаеш?


– Цудоўны будынак. Два паверхі, каля двух тысяч квадратных метраў. Унікальная акустыка. Недалёка музей Шагала.


– З 1991 па 1994 гады быў культпрасвет. Пакуль не прыйшоў Лукашэнка. Гарадскія ўлады пачалі выстаўляць проста шалёную арэндную плату.  Я зразумеў, што плаціць не змагу, бо памру ад голаду. Каб “захаваць твар” і “моцна бразнуць дзвярыма” са Славамірам Адамовічам мы правялі там з’езд нацыяналістаў Беларусі. Пасля гэтага ў мяне афіцыйна адабралі памяшканне, бо яно, згодна з дамовай з гарвыканкамам, прызначалася для выставачнай дзейнасці. Пасля гэтага я з’ехаў.


Зараз там нейкая эканамічная асацыяцыя і гандлююць мэбляй.


Калі я  купіў хату ў нашай вёсцы ўжо была пабудавана царква. Унутры яна была адтынкаваная, накрытая, але без вакон. Мой бацька (на жаль, ужо нябожчык) быў у царкоўным камітэце, адзін з дваццаці чалавек, якія яе адрадзілі. Ён і прапанаваў яе распісаць. Гэта вельмі сур’зная справа, патрабуюцца гады плённай працы. Мяне спавядалі Былі зроблены эскізы. Іх зацвердзілі.  Але гэта толькі маленькія схемы, якія дазваляюць пэўную самастойнасць. Таму і паявілася фрэска “Судны дзень”.


– Тая самая, якую потым замалявалі?


– Так. Па правай старане ад Хрыста стаяць праведнікі, па левай – грэшнікі. Там анёл трубіць у трубу і пад ёй людзі. Адзін, барадаты мітрапаліт, прыкрываецца крыжам, другі з  зачосам і вусамі, бароніцца вялікім кулакамі. За імі амапаўцы. Усё было пазнавальна. Але эскіз зацверджаны. Дзякуючы таму, што дакументы ў парадку, сем гадоў яе ніхто не чапаў. Пасля таго, як у 2005 годзе яе паказалі “Вести”, літаральна на наступны дзень, у Бобр прыехалі пратаірэй Мінскай епархіі Мікалай Кожыч і з ім два невядомых чалавека (не магу знайсці іх прозвішчы). Фрэску замлявалі валікамі. Па гэты дзень там белая пляма.


– Пушкін – гэта заўжды эпатаж. Навошта гэта табе?


– Я нічога не раблю спецыяльна. Гэта не зусім эпатаж. Назавем так – прадуманая піярсастаўляючая маіх мастацкіх дзеянняў. Прама зараз дэкларую адну цікавую рэч. Абавязкова пра яе напішы. Мяне часта пытаюцца: які твой наступны перфоманс? Чаму ты не задаў гэта пытанне?


– Яно было б наступным.


– Зараз я намалюю словамі сітуацыю, якая цалкам можа стаць рэальнай. У вёсцы Бобр шмат праблем – незаасфальтаваныя вуліцы, неправедзены газ, нізкія зарплаты, беспрацоўе, 78 адсоткаў пенсіянераў, 50 чалавек з 1100 сядзяць у турмах. Усё можа скончыцца, напрыклад, так. У Пушкіна зімой збіраецца плэнэр мастакоў-перформіраў. Першыя тры дні за намі сочаць, а потым пільнасць прытупляецца. Мастакі захопліваюць сельсавет, прыкоўваюць чыноўнікаў, якія імітуюць дзейнасць і нічога не робяць наручнікамі да батарэй. Мяняюць усе шыльды на беларускую  мову. Вешаюць над сельсаветам бел-чырвона-белы сцяг і  герб “Пагоня». У кабінеце старшыні пад партрэтам нашага героя Юркі Моніча збіраецца адпаведны камітэт. Адзін чалавек па лэптопу перадае ў вэб-прастору, што ў нашым сельсавеце аб’яўляеца вернасць Канстытуцыі 1994 года.


Смешна? Смешна. Канечне, такая акцыя будзе хутка падаўлена і ацэнена як нейкі Беслан, але мы нікога не заб’ем. Гэта будзе сімвал супраціву.  


tomkovich.livejournal.com

Усе навіны