English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыя пра нас
 Галоўная

Актывіст намераны змагацца за адмену прысуду

29/06/2009

Каардынатар Руху “За Свабоду” па Гомельшчыне Уладзімер Кацора, які выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання, трымае сухую галадоўку пяты дзень.


Каардынатар Руху “За Свабоду” Уладзімер Кацора Яго падтрымліваюць паплечнікі – 6 дэмакратычных актывістаў, якія таксама аб’явілі галадоўку. Жанчыны-паплечніцы напісалі зварот да старшыні Гомельскага абласнога суду Людмілы Міхальковай, а міліцыянты замалёўваюць надпіс “Галадоўка пратэсту” на браме офісу аб’яднаных дэмакратычных сілаў. За падзямі сочыць Ян Стужынскі.


Уладзімер Кацора, выйшаўшы з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён трое сутак адбываў пакараньне за арганізацыю й правядзеньне мірнай акцыі ў Дзень памяці зніклага генэрала Юрыя Захаранкі, заявіў пра тое, што й надалей будзе трымаць сухую галадоўку. Дарэчы, ў камэры, дзе сядзеў палітык, па яго просьбе адміністрацыя адключыла ваду. Зроблена гэта было для таго, каб не было ніякіх пытаньняў.


Уладзімер Кацора: Хачу падзякаваць КДБ ды яго, так званаму, адзелу абароны канстытуцыйнай законнасьці за тое, што далі час. Гэта, па-першае. Прайшло больш месяца, як мы правялі тую акцыю 7 траўня, і толькі пазьней яны сталі рыхтавацца й пісаць пратаколы. Такім чынам яны нам далі магчымасьць падрыхтавацца. Па-другое, што вынесьлі такое рашэньне–арышт трое сутак. За той час ў камэры я змог увайсьці ў рэжым сухой галадоўкі. А зараз пацьвяржаю, што галадоўка будзе працягвацца. Да якой пары – пакажа час.


Сёньня Уладзімір Кацора накіроўваецца ў Цэнтральны суд горада Гомеля. Мэты дзьве: забраць копію пастановы суду ды паглядзець ў вочы самай “справядлівай судзьдзі” Марыне Дамненцы. Заўтра, як міне 5 дзень сухой галадоўкі, а гэта ўжо крытычны час, гомельскі актывіст будзе ў абласным судзе.


Уладзімер Кацора: Пабуду ў судзе Цэнтральнага раёна, паколькі мне не далі пастанову на рукі. Я там яе папрашу. Ды паспрабую паглядзець у вочы самай справядлівай судзьдзі Цэнтральнага раёна Дамненцы. Потым пабудзем ў пракуратуры, дзе пакінем нашу заяву аб тым, каб абласны суд, яго калегія разглядзела нашыя – я думаю, што й мае калегі таксама падалі – заявы. У аўторак галадоўка працягнецца ў абласным судзе да той пары, пакуль я не атрымаю адказ: Будзе разглядацца справа ці ня будзе.


Тым часам жанчыны з гомельскай кааліцыі, як патлумачыла сябра каардынацыйнай рады Гомельскай абласной кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Галіна Скараход, падтрымліваюць Кацору.


Галіна Скараход: Гэта, як крайняя мера супраць несправядлівасьці прысудаў дэмакратычным актывістам. Гэта ня толькі факт сёньняшняга дня – незаконнае рашэньне аб акцыі 7 траўня. Гэта рэакцыя на пастаянныя перасьледы, у тым ліку й судовай сыстэмы, людзей, якія хочуць дэмакратычных зьменаў у краіне.


Яны падрыхтавалі зварот да старшыні Гомельскага абласнога суду Людмілы Міхальковай, дзе просяць пераглядзець рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раёна Марыны Дамненкі ды разабрацца па спавядлівасьці ў справе. Таксама яны заклікаюць судзьдзю-жанчыну да міласэрнасьці. 


Галіна Скараход: Мы павінны ўмяшацца ў гэты працэс. Ды як бы парадаксальна гэта не гучала, я хачу зьвярнуцца да старшыні абласнога судзьдзі за міласэрнасьцю й спагадай. Мы падрыхтавалі такое хадатайцтва-зварот на імя старшыні абласнога суду, якая таксама жанчына, каб яна перагледзела ў рамках яе паўнамоцтваў і магчымасьцяў, тое несправядлівае рашэньне, што вынесена зноў жа жанчынай–Марынай Дамненкай.


Не падтрымліваюць галадоўку спадара Кацоры хіба што мясцовыя ўлады. Міліцыянты Чыгуначнага аддзелу Гомеля часьцяком наведваюць офіс аб’яднаных дэмакратычных сілаў на Палескай, 52. Іх вельмі непакоіць, што дэмакраты парушаюць грамадскі парадак, вывешваючы расцяжкі з надпісам “Галадоўка” ды малююць гэты лозунг на плоце ўласнага дома. Апошні раз літаральна прыйшлося выпіхваць за дзьверы чарговага “госьця” – капітана міліцыі Ігара Дзятлава. Ён хацеў арыштаваць ды завесьці ў пастарунак мужчыну, што маляваў на браме гэты надпіс. Бачна было, што Ігар Дзятлаў у такіх палітычных справах яшчэ неспрактыкаваны, хаця ўжо й капітан. На Палескую, 52, ён прыехаў, таму што, маўляў, на апэратыўную тэлефоную лінію паступіла паведамленьне, што ў гэтым доме парушаюць грамадскі парадак.


Ігар Дзятлаў: Я заходжу ў любы двор, калі ёсьць паведамленьне аб выкліку. Я зайшоў. Прадставіўся. Я маю права прайсьці й пагаварыць з гаспадаром. Любым грамадзянінам, які знаходзіцца ў гэтым доме. Я разумею, калі б дзьверы былі зачыненыя. Я ж не ламіўся. Не проста так я, напэўна, прыехаў. Я не хачу пра гэта гаварыць.


Дарэчы, для чаго прыехалі капітан Дзятлаў ды яшчэ тры міліцыянты, ён так і не патлумачыў. Якое парушэньне здзяйсьняюць людзі, малюючы на сваім уласным плоце, ён таксама ня змог патлумачыць. Хаця надпісам, якія паведамляюць гамяльчанам, пра тое, што ў іх горадзе праходзіць галадоўка, не “шанцуе” пратрымацца больш 5 гадзінаў – іх то здымуць міліцыянты, якія пастанна сочаць за “штабам” галадоўкі, то мясцовыя камунальнікі замалёўваюць фарбай.


Польскае Радыё

Усе навіны