English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Медыя пра нас
 Галоўная

Еўразвяз шукае шляхоў да Беларусі

03/02/2010

Сёньня Брусэль падводзіць вынікі й разважае пра пэрспэктывы адносінаў зь Менскам. У гэтых размовах і дэбатах бярэ ўдзел Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Руху «За свабоду».


Прайшло паўтары гады з моманты прыпыненьня ЭЗ санкцыяў у дачыненьні да вышэйшых беларускіх дзяржаўных службоўцаў, і амаль год, як пачала працаваць праграма «Ўсходняе партнэрства».  Узамен эўрапейскія краіны чакалі ад Менску правядзеньня эканамічных рэформаў і палітычнай лібэралізацыі. Шмат у чым гэтыя чаканьні не спраўдзіліся. Адсюль узьнікла пэўнае расчараваньне, але захоўваецца надалей жаданьне весьці дыялёг. Падрэсьлівае аглядальнік Раман Якаўлеўскі.


Раман Якаўлеўскі: У адносінах Брусэль-Менск назіраецца зьмяншэньне аптымізму з боку ЭЗ адносна працягу дыялёгу зь Беларусьсю. Але поўнага расчараваньня няма. Праявай памяркоўнага аптымізму можна назваць нядаўнія візыты эўрапейскіх дэлегацыяў у Менск.


Нягледзячы на тое, што ў эўрапейскіх калідорах пануе асьцярожны аптымізм, альтэрнатывы дыялёгу сёньня ня бачна. Большасьць палітыкаў ды экспэртаў, як эўрапейскіх, так і беларускіх, згодны, што дыялёг патрэбны. Пытаньне, як яго весьці, каб заахвоціць Менск да больш істотных  палітычных зьменаў. Сваё меркаваньне па гэтых пытаньнях прадстаўляе цяпер у Эўропе Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Руху "За свабоду".


Учора ён распачаў праграму наведваньня Брусэлю й Бэрліну з мэтай абмерканьня з эўрапейскімі палітыкамі пэрспэктывы дыялёгу зь Беларусьсю. Беларускі палітык сустрэўся ўчора ў Брусэлі з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, дыпляматамі эўрапейскіх краінаў, экспэртамі ды журналістамі. У бліжэйшыя дні ў яго заплянаваны сустрэчы ў Бэрліне з прадстаўнікамі ўрадавай канцылярыі, дэпутатамі Бундэстагу, экспэртамі, у тым ліку ў Радзе па зьнешняй палітыцы, уплывовым аналітычным цэнтры Нямеччыны.


Аляксандар Мілінкевіч распавёў у інтэрв’ю нашаму радыё, што Эўропа павінна пастаянна нагадваць беларускім ўладам пра неабходнасьць правядзеньня палітычных рэформаў у краіне. Гэта важна, асабліва цяпер, напярэдані выбарчых кампаніяў.


Аляксандар Мілінкевіч: Мэтай майго візыту зьяўляецца абмеркаваньне пэрспэктываў разьвіцьця дыялёгу зь Беларусьсю. Эўропа хоча, каб Беларусь была дэмакратычнай, свабоднай краінай з разьвітай сучаснай эканомікай, добрым суседам і партнэрам. Гэтая стратэгія была й раней, але была іншая тактыка. Сёньня выкарыстоўваецца тактыка дыялёгу. Пачала працаваць праграма "Ўсходняе партнэрства", будуць і іншыя прапановы для Беларусі. Беларускія ўлады зразумелі, што сёньня Беларусі патрэбна мадэрнізацыя эканомікі,  а галоўны партнэр тут – Эўропа. Аднак надалей захоўваюцца праблемы з палітычнай лібэралізацыяй. У Эўропе ўсе чакаюць на сур'ёзныя крокі, якіх няма. Беларускія ўлады мараць пра кітайскі варыянт, але Эўропа бачыць Беларусь эўрапейскай краінай, якая павінна ісьці да эўрапейскіх стандартаў.


Я думаю, што павінна працягвацца тактыка, пакрокавага набліжэньня. Праблема – гэта разыходжаньне ў падыходах між ЭЗ і афіцыйным Менскам. Апошні хоча дыялёгу на аснове агульных інтарэсаў, а эўрапейцы кажуць, што дыялёг павінен базавацца на агульных каштоўнасьцях.  Я думаю, што Эўропа ацэніць мясцовыя выбары й выбары прэзыдэнта, як асноўны доказ таго, ці сапраўды беларуская ўлада жадае пераменаў і супрацоўніцтва з Эўразьвязам.


Альтэрнатывы супрацоўніцтву з ЭЗ для Беларусі няма, -- адзначыў Аляксандар Мілінкевіч. У Беларусі расьце колькасьць прыхільнікаў збліжэньня з ЭЗ, расьце разуменьне таго, што дабрабыт краіны магчымы толькі дзякуючы супрацоўніцтву з Эўропай. Аднак, Брусэль пакуль сутыкаецца з цяжкасьцямі, каб пераканаць Менск у важнасьці й выгадзе пераходу на эўрапейскія агульныя стандарты. Гэта тлумачыцца тым, што пакуль быў неўласьцівы момант. Такое меркаваньне, выказаў нашай Рэдакцыі аглядальнік Аляксандар Класкоўскі. Палітыка дыялёгу распачала ў Беларусі важныя зьмены: ня толькі эканамічнага, але й палітычнага характару. Пакуль яны слаба відавочныя, але пасьля выбараў варта чакаць больш сур'ёзных праяваў.


Аляксандар Класкоўскі: Яшчэ не прыйшоў той час, калі гэтая новая стратэгія Эўропы можа даць плён. Гаворка ідзе пра тое, што выбары, хай сабе яны пройдуць па звычайным сцэнары, ня вырашаць ніводнай праблемы Беларусі. Яшчэ мацней іх завяжуць. Напрыклад, каб нагнаць абяцаны ўзровень заробкаў у 500 даляраў, уладам трэба будзе гвалціць эканоміку. У дадатак, Расея перастае ім аказваць падтрымку. Гэтыя новыя выклікі могуць змусіць афіцыйны Менск да большай згаворлівасьці ў дачыненьнях з Эўропай. У эканоміцы вымушана, але ўжо пачаліся рэформы. Пасьля выбараў настане той час, калі пачнуцца зьмены й на палітычным полі. Тым болей, што раней ці пазьней, узьнікне пытаньне перадачы ўлады. Паколькі азіяцкі варыянт у Беларусі не праходзіць, патрэбны будуць новыя правілы гульні. То бок,  нейкая шматпартыйнасьць, выбары па партыйных сьпісах. Узьнікнуць новыя магчымасьці, якія створаць пункты разломаў. Тады можа пачацца сур'ёзная трансфармацыя.


Сёньня няма альтэрнатывы дыялёгу ЭЗ зь Беларусьсю. Насельніцтва краіны прыхільна ставіцца да збліжэньня з Эўразьвязам, улады разумеюць важнасьць супрацы з Эўропай для мадэрнізацыі эканомікі краіны. Зьнешнія ўмовы ўсё больш змушаюць афіцыйны Менск быць больш уважлівым да таго, што кажа Брусэль. У гэтых умовах, лічыць Аляксандар Мілінкевіч, які знаходзіцца зь візытам у Брусэлі й Бэрліне, ЭЗ павінен працягваць тактыку пакрокавага збліжэньня й нагадваць беларускім уладам пра неабходнасьць ня толькі эканамічных, але й палітычных рэформаў.

 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч


Польскае радыё

Усе навіны