Па справе Зарэмбюка дапыталі Васіля Клімовіча
У межах крымінальнай справы, узбуджанай упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці супраць каардынатара руха “За Свабоду” Алеся Зарэмбюка, супрацоўнікі КДБ дапыталі кандыдата ў дэпутаты Мастоўскага савета, грамадскага актывіста Васіля Клімовіча.
Допыт Васіля Клімовіча адбыўся ў будынку Мастоўскай раённай пракуратуры. Супрацоўнік КДБ па прозвішчу Павядайка выклікаў дэмакратычнага актывіста ў якасці сведкі. Пытанні тычыліся фінансавага складніка крымінальнай справы супраць Алеся Зарэмбюка, якога абвінавачваюць у махлярстве:
- Спытаў, ці я ведаю Зарэмбюка, потым паказаў мне дзве пластыкавыя карткі з нейкіх банкаў. Пытаўся ў мяне пра гэтыя карткі. Сказаў, што гэтыя карткі былі канфіскаваныя ў яго пры вобшуку. Пытаўся, ці бачыў я іх раней, што я пра іх ведаю? Ці здымаў ён пры мне грошы? Хто яму на гэтыя карткі кладзе яму грошы? Ці правозіў ён грошы праз мяжу? І яшчэ хто пра гэтыя карткі ведае?
Дэмакратычныя актывісты Мастоўскага раёна не выключаюць, што захады супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі накіраваныя на тое, каб перашкодзіць паўнавартасна правесці выбарчую кампанію апазіцыйным кандыдатам рэгіёна.
Радыё Рацыя
Усе навіны



