Кася Камоцкая выступіла ў абарону старой Гародні
Учора ў Гродна адбыўся акустычны канцэрт Касі Камоцкай. Яна выступіла ў межах кампаніі “Музыкі супраць разбурэння Горадні”, ладзяць якую паплечнікі Руху “За Свабоду”.
Паслухаць Касю Камоцкую прыйшло каля двухсот чалавек, у пераважнай большасці моладзь. Арганізатары прызналіся, што не чакалі такой колькасці слухачоў: аказалася, што Камоцкая вельмі папулярная сярод гарадзенскай моладзі, хаця выступае ў горадзе надзвычай рэдка.
Да канцэрту была выпушчана паштоўка, на якой спявачка — на фоне гарадзенскіх помнікаў архітэктуры. Каардынатар кампаніі Павал Мажэйка перад пачаткам імпрэзы ўручыў спявачцы майку абаронцы Горадні ад разбурэнняў.
- Сёння ў Горадні Кася Камоцкая, яна дае канцэрт у рамках акцыі “Музыкі супраць разбурэння Горадні”. І ў звязку з гэтым у мяне да яе першае пытанне: скажыце, каб у Горадні нічога не руйнавалі, вы б не прыехалі?
Камоцкая: “Не, я люблю Горадню і я прыехала б у любым выпадку, але проста іншая рэч, што на сённяшні дзень ня так проста арганізаваць канцэрт беларускіх выканаўцаў, асабліва, калі гэта выканаўцы, так скажам, забароненыя. І таму атрымліваецца, што якраз такія акцыі ёсць добрай нагодай. Хаця я цалкам падтрымліваю гэтую акцыю і лічу, што руйнаваць адзіны, так добра захаваны горад у Беларусі, гэта проста мэтанакіраванае злачынства”.
- У вас не стварылася ўражання, што на адлегласці гэта выглядала больш драматычна і зблізку на свае вочы ўсё выглядае ня так драматычна, ня так кепска?”
Камоцкая: “Я ня ведаю, чым можна вымяраць драматызм: калі зруйнуюць усё, ці калі зруйнуюць адную сцяну? І мне падаецца, што чым больш цяпер шуму ў грамадстве, тым лепш. Таму што грамадства, асабліва моладзь, яна вельмі патрабуе такіх акцый для кансалідацыі ў першую чаргу, для выяўлення сваёй грамадзянскай пазицыі і гэта вельмі патрэбна”.
радыё Свабода
Усе навіны


