Віцэ-прэзыдэнт ЗША: "Улады Беларусі забараняюць сьцяг сваёй уласнай краіны"
"Беларуская нацыя пацярпела ў вялікіх войнах і мае досьвед жахлівых стратаў. Цяпер народ Беларусі пазбаўлены свабоды апошняй дыктатурай у Эўропе", – заявіў сёньня віцэ-прэзыдэнт ЗША падчас свайго выступу на прадстаўнічай канфэрэнцыі ў Вільні.
У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прэзыдэнты Літвы, Польшчы, Баўгарыі, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Малдовы, Румыніі, Украіны, а таксама віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні і кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША, як і бальшыня іншых выступоўцаў, закрануў у сваёй прамове беларускае пытаньне:
(Чэйні: ) "Мы ўсе зацікаўленыя і будзем дамагацца дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі. Гэта нацыя пацярпела ў вялікіх войнах і мае досьвед жахлівых стратаў. Цяпер народ Беларусі пазбаўлены свабоды апошняй дыктатурай у Эўропе.
З намі сёньня тут змагары за дэмакратыю ў Беларусі. Мы вітаем іх на гэтай канфэрэнцыі. Мы таксама чакалі сустрэчы сёньня з апазыцыйным лідэрам Аляксандрам Мілінкевічам, але ён нядаўна быў пасаджаны ў турму менскім рэжымам.
Рэжым павінен пакласьці канец гэтай несправядлівасьці і вызваліць спадара Мілінкевіча, а таксама іншых дэмакратычных актывістаў, якія ўтрымліваюцца за кратамі.
Сьвет ведае, што адбываецца ў Беларусі. Мірных дэманстрантаў зьбіваюць, іншадумцы зьнікаюць, у краіне пануе клімат страху дзякуючы ўладам, якія адмаўляюцца праводзіць свабодныя выбары і забараняюць сьцяг сваёй уласнай краіны. У адзінай і свабоднай Эўропе няма месца для рэжыму такога кшталту".
www.svaboda.org
Усе навіны


