Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ: Францыя дэманструе падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі
“Візіт у Францыю не быў выпадковым. Менавіта Францыя, з усіх краінаў Еўрасаюза, мае сёння, пэўна, самыя цесныя стасункі з Расіяй. Францыя за апошнія месяцы неаднаразова дэманстравала сваю падтрымку дэмакратычным сілам у Беларусі, таму, перакананы, наша пазіцыя адносна недапушчэння рэферэндуму і непрызнання яго вынікаў, будзе данесена французскай дыпламатыяй да Расіі,” – так лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч ацаніў першыя вынікі свайго візіту ў Францыю.
Аляксандр Мілінкевіч 1-2 верасня наведаў з афіцыйным візітам Францыі, дзе ў Марсэле правёў перамовы з прадстаўнікамі французскага ўраду – міністрам унутраных справаў Ніколя Сарказі, міністрам замежных справаў Філіпам Дуст-Блазі, міністрам па справах Еўрасаюза і краін суседзяў Катрын Калана, а таксама з старшынём Парламенцкай асамблеі НАТА П’ерам Лелюшам.
Галоўнай тэмай усіх сустрэч была пагроза страты Беларуссю незалежнасці ў выніку верагоднага “аб’яднаўчага” рэферэндуму.
- Я падкрэсліваў на усіх сустрэчах, свабода – так, правы чалавека – безумоўна, але сёння перад усёй Еўропай паўстае новая, надзвычай вострая праблема – захаванне незалежнасці Беларусі. Пагроза страты незалежнасці вядзе да дэстабілізацыі ў нашым рэгіёне. У Беларусі ёсць мноства людзей, якія ніколі не пагодзяцца са знікненнем нашай дзяржавы з палітычнай карты свету. Гэта было маім галоўным пасланнем, якое я давёў французскім палітыкам, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што Францыя можа стаць вядучай краінай у Еўрасаюзе, якая будзе з дапамогай сваёй дыпламатыі адстойваць беларускую незалежнасць:
- Абарона незалежнасці – гэта справа грамадзянаў Беларусі, але нам неабходна сёння адзінадушная падтрымка Еўропы ў гэтай праблеме. Важна, што разуменне нашай пазіцыі выказвалі абсалютна ўсе палітыкі высокага рангу, з кім давялося сустрэцца ў Францыі. Францыя не будзе пачувацца да канца свабоднай, пакуль не будзе сапраўды свабоднай і незалежнай Беларусь, адзначалі яны. Сёння Францыя з усіх краінаў Еўрасаюза мае, пэўна, самыя шчыльныя стасункі з Расіяй. У той жа час, Францыя за апошнія месяцы неаднаразова дэманстравала сваю падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі, таму, перакананы, наша пазіцыя адносна недапушчэння рэферэндуму і непрызнання яго вынікаў, будзе данесена французскай дыпламатыяй да Расіі, - падкрэсліў лідэр аб’яднаных дэмсілаў.
Аляксандр Мілінкевіч выказаў таксама задавальненне сходнасцю пазіцый абодвух бакоў, што да пытання магчымых кантактаў Францыі з рэжымам у Беларусі.
- Яшчэ раз было адзначана, што сёння Францыя на ўрадавым узроўні не падтрымлівае кантактаў з існуючым рэжымам, чым, перш за ўсё, імкнецца падкрэсліць сваю падтрымку і дэмакратычным сілам у Беларусі і, таксама, дэмакратычным зменам у краіне. Я, у сваю чаргу падкрэсліў, што замыкаць дзверы да супрацоўніцтва перад Беларуссю Еўропа, у тым ліку і Францыя, не павінна. Але ісці на кантакт трэба толькі тады, калі беларускі рэжым зробіць крок насустрач. Найлепшым было б вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, між іншых, Аляксандра Казуліна, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча, Артура Фінькевіча, Андрэя Клімава, Міколы Астрэйкі, Цімафея Дранчука.
Цягам перамоваў былі закранутыя таксама іншыя надзённыя пытанні.
Усе навіны


