Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Сёння пройдзе суд над кіраўніком бабруйскага Штаба Александра МІЛІНКЕВІЧА

13/09/06

 Сёння ў 15.00 суд Бабруйска і Бабруйскага раёна распачне чарговую спробу разгледзець справу кіраўніка мясцовага Штаба лідэра аб'яднаных дэмакратычных сілаў Александра МІЛІНКЕВІЧА, дэпутата гарсавета Алеся Чыгіра, паведамляе газета "Салідарнасць".  

 

Напярэдадні на працэс не з'явіліся супрацоўнікі міліцыі - сведкі, якія, магчыма, і перапынілі акцыю пратэсту настаўніка, з якім гарадскі аддзел адукацыі па палітычных матывах не падоўжыў кантракт. Суддзі Наталле Чарапухе прыйшлося перанесці разгляд справы.

 

Адміністрацыйная справа ў дачыненні да дзеючага дэпутата была заведзена з санкцыі пракурора. Алесь Чыгір вінаваціцца ў парушэнні артыкула 166 АК (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і артыкулы 167 ч.1 (правядзенне несанкцыянаванага пікета), што пагражае штрафам або арыштам да 15 сутак.

 

Нагадаем, 31 жніўня настаўнік, які трынаццаць гадоў выкладаў у СШ №8 Бабруйска, прыкаваў сябе ланцугамі да ліхтарнага слупа насупраць гарвыканкама. "Пэрфоманс" пад плакатам з вытрымкай з канстытуцыйнага артыкула "Кожны мае права на працу" не падоўжыўся і дваццаці хвілінаў - ланцугі былі распілаваныя "балгаркай", а самога Чыгіра скруцілі міліцыянты. Амаль шэсць гадзінаў ён правёў за кратамі. Праўда, асудзіць настаўніка ў той ж дзень не дазволіў пракурор, які не даў на гэта сваю санкцыю.

 

Бацька трох непаўнагадовых дзяцей Алесь Чыгір тым часам падаў скаргу ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, але пакуль не дачакаўся аніякай рэакцыі. Ён таксама плануе праінфармаваць пра сваю праблему Міжнародную арганізацыю працы.

 

Дарэчы, Чыгіра чакае яшчэ адзін суд. Неўзабаве пасля акцыі пратэсту, якую правёў настаўнік, на старонках газеты "Бабруйскае жыцце" выйшаў матэрыял "Тэатр аднаго актора". Алесь Чыгір лічыць, што гэты артыкул зневажае яго асобу. У позве, якая ўжо рыхтуецца, ён запатрабуе абвяржэння і аднаўлення маральнай страты.


Усе навіны