Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ салідарны з Алесем Чыгіром і яго сям'ёй
“За актыўную грамадзянскую пазіцыю ў Беларусі можна не толькі пазбавіцца працы, але і згубіць усялякую магчымасць абараняць свае правы, свой гонар і годнасць”, - заявіў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ пасля вынясення прысуду дэпутату Бабруйскага гарсавета Алесю Чыгіру.
Сёння суддзя гарадcкога суду Наталля Чарапуха вызначыла 10 сутак арышту кіраўніку бабруйскага Штаба лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча, дэпутату Бабруйскага гарсавету Алесю Чыгіру. Яго абвінавацілі ў правядзенні недазволенай акцыі 31 жніўня.
- Калі ўлада не дае магчымасці дэпутату абараніць свае правы, то што можна казаць пра простых людзей. Алесь Чыгір – актыўны грамадскі дзеяч, паважаны дэпутат, выдатны настаўнік. Кампанія пераследу, якую распачала ўлада супраць Алеся, сведчыць што яго пазіцыя і яго дзеянні выклікаюць станоўчы водгук у людзей,- адзначыў Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ.
- Я салідарны з Алесем Чыгіром і яго сям’ёй і выказваю рашучы пратэст супраць ганебных дзеянняў улады, - сказаў палітык .
Нагадаем, 31 жніўня настаўнік, які трынаццаць гадоў выкладаў у СШ №8 Бабруйска, прыкаваў сябе ланцугамі да ліхтарнага слупа насупраць гарвыканкама. "Пэрфоманс" пад плакатам з вытрымкай з канстытуцыйнага артыкула "Кожны мае права на працу" не падоўжыўся і дваццаці хвілінаў - ланцугі былі распілаваныя "балгаркай", а самога Чыгіра скруцілі міліцыянты. Амаль шэсць гадзінаў ён правёў за кратамі. Праўда, асудзіць настаўніка ў той ж дзень не дазволіў пракурор, які не даў на гэта сваю санкцыю.
Усе навіны


