Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ у Бабруйску: Ствараем настрой салідарнасці

14/11/06

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч правёў гэты дзень у Бабруйску - сабраў на тэрыторыі былой вайсковай часткі подпісы за дэмакратычных актывістаў, сустрэўся з моладдзю, мясцовай прэсай і наведаў раённы выканкам, дзе заверыў сабраныя подпісы.

Ацэньваючы вынікі візіта ў Бабруйск, Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што падобныя паездкі ствараюць неабходны сёння настрой салідарнасці і ўзаемадапамогі:

- Мэта маіх паездак у рэгіёны не толькі дапамагчы мясцовым актывістам сабраць подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты. Сёння не менш важна ствараць настрой салідарнасці і ўзаемадапамогі ў дэмакратычным руху. А таксама паказаць жыхарам гарадоў і вёсак, якія жывуць у самых звычайных раёнах, дамах і кватэрах, што мы не баімся размовы з імі, вострых пытанняў, ведаем адказы на іх, маем свой погляд на развіццё рэгіёнаў і краіны, - сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.

На неабходнасць актыўнай працы ў рэгіёнах краіны звярнуў увагу і дэпутат Бабруйскага гарадскога Савета Алесь Чыгір, які і запрасіў Аляксандра Мілінкевіча ў Бабруйск:

- Прыезд Аляксандра Мілінкевіча ў Бабруйск будзе яшчэ шмат дзён абяркоўвацца ў горадзе. Сёння беларускія рэгіёны пачуваюць сябе кінутымі апазіцыяй. Таму, кожны прыезд беларускага палітыка становіцца падзеяй і для жыхароў і для мясцовых актывістаў. Тым больш калі прыязджае агульнанацыянальны лідэр. Падобныя прыезды падштурхоўваюць нас да актыўнай дзейнасці, - падкрэсліў Алесь Чыгір.

На гэтым тыдні Аляксандр Мілінкевіч працягне выезды ў рэгіёны. Ён будзе збіраць подпісы ў Мінскай, Магілеўскай і Гомельскай абласцях. Агулам Аляксандр Мілінкевіч бярэ непасрэдны ўдзел у выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы ў 96 раёнах, больш чым у 20 гарадах Беларусі і ў горадзе Мінску. На сённяшні дзень Аляксандр Мілінкевіч з’яўляецца сябрам ініцыятыўных груп 206 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.


Усе навіны