Ангела Мэркэль і Нікаля Сарказі: Неабходна палітычная абарона Беларусі
Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркэль. Сустрэча адбылася 14 снежня ў Бельгіі падчас з’езду Еўрапейскай Народнай Партыі (ЕРР).
У размове з лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сіл, Ангела Мэркэль адзначыла, што “Нямеччына пільна сочыць за тымі падзеямі, якія сёння адбываюцца ў Беларусі”.
“У інтарэсах Нямеччыны - дэмакратычная Беларусь. Наш урад гатовы ў кожную хвіліну распачаць супрацоўніцтва з вашай краінай і аказаць неабходную падтрымку, у тым ліку і эканамічную”, - дадала Ангела Мэркэль.
Тэму Беларусі закрануў у сваім выступе на з’едзе ЕРР і міністр унутраных справаў Францыі Нікаля Сарказі.
“Кажучы пра перспектывы Еўрасаюза, мы павінны ў першую чаргу казаць не пра пашырэнне межаў, а пра пашырэнне прынцыпаў, на якіх базуецца ЕС. На мапе Еўропы ёсць такія краіны як Беларусь, дзе няма свабоды і дэмакратыі, дзе ўлада ўжывае рэпрэсіі супраць уласнага народа”, - сказаў Нікаля Сарказі. - Еўропа павінна змяніць сваё стаўленне да праблемы Беларусі. Сёння не дастаткова проста маральных жэстаў, неабходна палітычная абарона Беларусі, мы павінны ў гэтым накірунку выкарыстаць усе дыпламатычныя магчымасці краін-сябраў ЕС”.
Нагадаем, што 14 снежня ў Бельгіі лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч прымаў удзел у з’ездзе буйнейшай партыі Еўропы – Еўрапейскай Народнай Партыі (ЕРР). З’езд ЕРР з’яўляецца сустрэчай на вышэйшым узроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў 10 з 25 краін Еўрасаюзу і лідэраў апазіцыі тых краін, дзе кіруюць правацэнтрысцкія партыі.
Усе навіны



